Беларусь у 2025 годзе была адным з “гарачых пунктаў” канфліктаў і рэпрэсій, якія сталі крыніцамі пагроз для журналістаў

3 сакавіка, Позірк. Летась свабода прэсы ў Еўропе знаходзілася пад сталым ціскам праз прававыя пагрозы, спробы захопу медыя і транснацыянальнага пераследу, гаворыцца ў дакладзе “На мяжы пералому: свабода прэсы — 2025”, падрыхтаваным арганізацыямі — партнёрамі Платформы Савета Еўропы па абароне журналістыкі і бяспекі журналістаў.
Расія ў вайне супраць Украіны “заставалася самай сур’ёзнай пагрозай для журналістаў у Еўропе”. Супрацоўнікі СМІ “гінулі, атрымлівалі раненні, утрымліваліся пад вартай або знікалі на акупаваных расійскімі сіламі тэрыторыях”, гаворыцца ў дакуменце.
Адзначаецца, што “грамадскія вяшчальнікі ў шэрагу краін сутыкаліся з палітычным умяшаннем, фінансавай нестабільнасцю і абмежавальным заканадаўствам”.
Аўтары даклада канстатавалі, што Еўропа “падыходзіць да крытычнага моманту”, калі неабходныя “рашучыя дзеянні з боку дзяржаў-членаў, Савета Еўропы і еўрапейскіх інстытутаў для спынення беспакаранасці за напады на журналістаў, гарантый незалежнасці і ўстойлівага фінансавання грамадскіх вяшчальнікаў, супрацьстаяння структурным пагрозам”.
У 2025 годзе згаданай платформе споўнілася 10 гадоў. Ад моманту запуску ў красавіку 2015-га яна апублікавала больш за 2.300 сістэмных папярэджанняў пра сур’ёзныя пагрозы свабодзе СМІ ў дзяржавах — членах Савета Еўропы, а таксама ў Расіі і Беларусі. Колькасць папярэджанняў няўхільна расла — ад 106 у 2015 годзе да больш як 330 у 2025-м, што адлюстроўвае “ўсё больш варожае асяроддзе для журналістаў”. Чвэрць такіх сігналаў тычыцца нападаў на фізічную бяспеку і недатыкальнасць журналістаў, уключаючы 53 выпадкі гібелі журналістаў або работнікаў СМІ.
У 2025 годзе “гарачымі пунктамі” канфліктаў і рэпрэсій, якія сталі асноўнымі крыніцамі пагроз для журналістаў, былі: Беларусь, Грузія, Сербія, Расія, Турцыя і акупаваныя расійскімі войскамі тэрыторыі Украіны.
У многіх еўрапейскіх краінах турэмныя зняволенні журналістаў на падставе надуманых абвінавачанняў сталі “рэгулярнай тактыкай”. На 31 снежня 2025 года 148 журналістаў і іншых работнікаў СМІ знаходзіліся ў зняволенні па ўсім кантыненце. Лідарамі паводле колькасці зняволеных прадстаўнікоў медыя былі РФ (58, у тым ліку затрыманыя на акупаваных тэрыторыях Украіны), Азербайджан (36), Беларусь (27), Турцыя (24), Арменія (2) і Грузія (1). Журналісты ў няволі нярэдка зазнаюць жорсткае абыходжанне і катаванні.
Некаторыя дзяржавы ўвялі або рэалізуюць законы, што абмяжоўваюць правы журналістаў — часта пад маркай барацьбы з дэзінфармацыяй, кіберзлачыннасцю, тэрарызмам або экстрэмізмам. Законы пра “замежных агентаў”, якія зарадзіліся ў 2012 годзе ў РФ, распаўсюдзіліся па рэгіёне: аналагічныя меры маюцца ў Беларусі; урады ў Грузіі, Венгрыі, Сербіі, Славакіі і Турцыі або ўжо ўвялі, або прапанавалі такія нормы. Гэтыя законы, “дэкларуючы падвышэнне празрыстасці і абарону дзяржавы, на справе падрываюць жыццяздольнасць СМІ і ўмацоўваюць уладу”, адзначаецца ў дакладзе.
У Беларусі ўтрыманне пад вартай “стала часткай цыкла рэпрэсій, а не выключнай мерай: вызваленне некаторых журналістаў у 2025 годзе не азначала паслаблення палітыкі — новыя арышты “кампенсавалі” вызваленых, падтрымліваючы высокі агульны ўзровень рэпрэсій”.
Затрыманні, паўторныя арышты і пагроза новых пераследаў ствараюць умовы, “у якіх журналісты фактычна выключаюцца з грамадскага жыцця нават па-за фармальным турэмным зняволеннем”. У сукупнасці гэтыя практыкі “дэманструюць мэтанакіраваную стратэгію нармалізацыі затрыманняў як інструмента цэнзуры з доўгатэрміновымі наступствамі для свабоды прэсы і грамадскага дыскурсу”.
У 2025 годзе ў Беларусі платформа зафіксавала пяць новых паведамленняў пра затрыманні. Некаторыя з гэтых выпадкаў звязаныя з абвінавачваннямі ў “экстрэмізме”, якія беларускія ўлады часта выкарыстоўваюць для дыскрэдытацыі і ціску на незалежныя СМІ, адзначылі аўтары даклада.
У дакуменце таксама адзначаецца транснацыянальны пераслед журналістаў (уключае забойствы і фізічныя напады, завочныя юрыдычныя пераследы і кампаніі запалохвання). Згодна з дакладам, дзесяць краін свету, у тым ліку Расія, Беларусь і Турцыя, адказваюць за 80% задакументаваных выпадкаў такіх рэпрэсій.
У прыватнасці, для запалохвання выгнаных журналістаў выкарыстоўваюцца завочныя судовыя працэдуры. Так, у Беларусі ў дачыненні да больш як 60 журналістаў былі ўзбуджаныя крымінальныя справы, як мінімум 13 з іх атрымала завочныя турэмныя тэрміны ў рамках “спецыяльнай вытворчасці”. Маёмасць журналістаў часта арыштоўваецца ў чаканні суда і канфіскуецца пасля вынясення прыгавору, адзначаецца ў дакладзе.
Завочныя пераследы, падкрэслілі аўтары дакумента, служаць для запалохвання журналістаў за мяжой і чынаць на іх сур’ёзны псіхалагічны ціск: такія асобы фактычна пазбаўляюцца магчымасці падарожнічаць праз рызыку неадкладнага арышту і экстрадыцыі ў Беларусь (або Расію, якая выкарыстоўвае аналагічныя практыкі). Абедзве дзяржавы таксама выкарыстоўваюць “міжнародную паліцэйскую супрацу” — агульныя базы асоб у вышуку, “чырвоныя апавяшчэнні” Інтэрпола і запыты на экстрадыцыю.
У той жа час беларускія і расійскія медыя ў выгнанні становяцца ўсё больш уразлівымі: залежнасць ад кароткатэрміновага донарскага фінансавання, рост канкурэнцыі за абмежаваныя гранты і прыпыненне амерыканскай дапамогі ўзмацнілі фінансавы ціск на рэдакцыі ў выгнанні, падкрэсліваецца ў дакуменце.
Апытанне рэдакцый у выгнанні, праведзенае Беларускай асацыяцыяй журналістаў (БАЖ), паказала: “6 з 30 апытаных выданняў і арганізацый паведамілі пра поўную адсутнасць фінансавання ў сувязі з наяўным прыпыненнем фінансавання, што можа прывесці да поўнага спынення працы гэтых выданняў праз немагчымасць выплачваць заробкі”. Гэта выклікае сур’ёзныя асцярогі наконт устойлівасці СМІ, асабліва тых, што працуюць у выгнанні або ва ўразлівых умовах, адзначаецца ў дакуменце.
На аснове атрыманых высноў платформа падрыхтавала прыярытэтныя рэкамендацыі Савету Еўропы, інстытутам Еўрасаюза і дзяржавам-членам для ўмацавання бяспекі журналістаў, незалежнасці СМІ і дэмакратычнай устойлівасці. Сярод ключавых прапаноў — аднаўленне высокага палітычнага прыярытэту свабоды прэсы і абарона незалежнасці грамадскіх вяшчальнікаў.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ студзені ў Беларусі звольнена на 1,8% работнікаў больш, чым нанята (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛатвія ўпершыню ў сакавіку зафіксавала спробы мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з тэрыторыі Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 28 лютага — 2 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка



