Мінск 14:15

Ціханоўская падзякавала Балгарыі за сяброўства і салідарнасць

Архіўнае відэа: трансляцыя слуханняў у КР / стоп-кадр: "Позірк"

3 сакавіка, Позірк. “Шчырыя віншаванні” накіравала народу Балгарыі ў Дзень Вызвалення (3 сакавіка) беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Мы ўдзячныя Балгарыі за сяброўства і салідарнасць на нашым еўрапейскім шляху. Зычым Балгарыі стабільнасці, сілы і трывалага працвітання”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Раней у гэты дзень пра гатоўнасць “разгортваць шчырую і даверную” беларуска-балгарскую супрацу заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Дзень Вызвалення ў Балгарыі прымеркаваны да даты падпісання мірнай дамовы паміж Расійскай і Асманскай імперыямі ў 1878 годзе, паводле якога Балгарыя, што каля 500 гадоў знаходзілася пад асманскім валадарствам, станавілася незалежнай дзяржавай.

Ціханоўская наведвала Балгарыю з афіцыйным візітам 4–5 сакавіка 2024 года. Праз некалькі дзён амбасада Беларусі ў Балгарыі, каментуючы візіт Ціханоўскай у Сафію, назвала яе злачынкай.

Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка ў каментарыі “Позірку” адзначыў, што “беларуска-балгарскім стасункам ніхто не нашкодзіў так, як рэжым Лукашэнкі”.

Балгарыя — член Еўрапейскага саюза, які не прызнае Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі. ЕС увёў у дачыненні да прадстаўнікоў яго рэжыму санкцыі.

Падзяліцца: