Мінск 12:32

У рамках ініцыяванай Лукашэнкам праверкі ў 8-й брыгадзе РХБЗ пройдзе інспекцыя тэхнікі, узбраення і маёмасці

Фота: прэс-служба Мінабароны

4 сакавіка, Позірк. У рамках праверкі, якая з зімы праводзіцца на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі, распачалася інспекцыя 8-й брыгады радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны (дыслакаваная ў Старых Дарогах у Мінскай вобласці).

“У брыгадзе будзе правераны парадак утрымання вайсковай і спецыяльнай тэхнікі, а таксама ўзбраення і запасаў маёмасці”, — паведаміла 4 сакавіка прэс-служба Міністэрства абароны.

З 16 студзеня ў Беларусі на даручэнне Лукашэнкі праводзіцца раптоўная праверка боегатоўнасці ўсіх відаў і родаў Узброеных сіл — у абыход Мінабароны.

Мерапрыемствы першапачаткова планавалася праводзіць да вясны, аднак 3 сакавіка палітык заявіў, што праверка працягнецца. Паводле яго слоў, галоўная выснова, якую мае зрабіць кіраўніцтва, заключаецца ў неабходнасці палепшыць падрыхтоўку афіцэрскага складу.

23 лютага Лукашэнка ўжо заяўляў, што ў Беларусі трэба “найсур’ёзную ўвагу звярнуць на падрыхтоўку афіцэраў”. “Адчуваю нутром, што мы недапрацоўваем менавіта там. Таму недзе ў нас, мы гэта бачым у праверцы, касякі сярод тых, каго мы правяраем”, — сказаў ён тады.

Паралельна з 26 студзеня з ініцыятывы Мінабароны праводзіцца “планавая” комплексная праверка боегатоўнасці вайсковых часцей і падраздзяленняў.

Падзяліцца: