Мінск 11:06

У аўтамабілі, доме і гаражы жыхара Друскінінкая выяўлена амаль 2,5 тыс. пачкаў кантрабандных беларускіх цыгарэт

Фота: САДМ

5 сакавіка, Позірк. Аб канфіскацыі 2.405 пачкаў кантрабандных цыгарэт у 43-гадовага жыхара Друскінінкая паведаміла 4 сакавіка Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

Адзначаецца, што парушальнік “трапляе ў поле зроку памежнікаў ужо не ўпершыню”.

2 сакавіка схованка з цыгарэтамі была знойдзеная ў падлозе яго аўтамабіля Opel Zafira, спыненага памежнікамі для надгляду ў Каўнаскім павеце.

У працяг працэсуальных дзеянняў у той жа дзень па месцы жыхарства мужчыны быў праведзены ператрус. Паведамляецца, што ўсяго ў аўтамабілі і жылым доме выяўлена 1.405 пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі. Акрамя таго, канфіскаваныя 5 тыс. еўра, якія “маглі быць атрыманыя ў выніку незаконнай дзейнасці”.

3 сакавіка супрацоўнікі САДМ правялі ператрус і ў іншым месцы, звязаным з падазраваным, — у гаражы ў вёсцы Юргішкяй (Алітускі раён аднайменнага павета). Там памежнікі выявілі 1.000 пачкаў цыгарэт “Queen Menthol” з беларускімі акцызнымі маркамі. У той жа дзень у якасці сведкі быў дапытаны 42-гадовы жыхар Алітуса, які карыстаўся гэтым гаражом.

Па факце незаконнага распараджэння таварамі, якія абкладаюцца акцызам, у дачыненні да жыхара Друскінінкая пачата дасудовае расследаванне. Паведамляецца, што за такое дзеянне законам прадугледжаны штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў.

Падазраваны знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, а яго аўтамабіль, нелегальныя цыгарэты і знойдзеныя наяўныя грошы часова захоўваюцца ў адным з падраздзяленняў САДМ.

4 лютага стала вядома, што 28 чалавек з’яўляюцца ў Літве падазраванымі па крымінальнай справе аб кантрабандзе цыгарэт з Беларусі з дапамогай паветраных шароў. Сярод падазраваных асобы, якія з’яўляюцца “магчымымі кіраўнікамі злачыннага аб’яднання”.

Паводле слоў галоўнага пракурора Дэпартамента расследавання арганізаванай злачыннасці і карупцыі Генеральнай пракуратуры краіны Артураса Урбяліса, пяцёра фігурантаў, “верагодна, кіравалі кантрабандай на тэрыторыі Літвы”.

Раней паведамлялася, што летась перахоплена агулам 635 партый цыгарэт, дастаўленых паветранымі шарамі з Беларусі ў Літву. У 2024 годзе такіх выпадкаў было 226. У 2022 годзе выпадкаў кантрабанды паветранымі шарамі не было, а ў 2023 годзе было зафіксавана 3 падобных спробы.

29 кастрычніка 2025 года стала вядома пра затрыманне ў Літве чатырох чалавек, якія падазраюцца ў датычнасці да кантрабанды цыгарэт з Беларусі з дапамогай аэрастатаў.

Як паведаміла тады генеральны пракурор балтыйскай краіны Ніда Грунскене, з пачатку 2025-га па факце перавозкі кантрабандных цыгарэт па паветры пачата 21 дасудовае расследаванне, устаноўлена 50 падазраваных.

Падзяліцца: