Мінск 12:12

На ўзроўні прэм’ер-міністра Турчына абмяркоўваецца адкрыццё ў Мінску рэстарана ўзбекскай кухні

Фота: тэлеграм-канал урада Беларусі

5 сакавіка, Позірк. Аб сустрэчы прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына з “дэлегацыяй дзелавых колаў Узбекістана” паведамляе прэс-служба ўрада.

Дэлегацыю ўзначальвае старшыня Гандлёва-прамысловай палаты Узбекістана Даўрон Вахабаў, у яе склад увайшлі прадпрымальнікі, якія спецыялізуюцца ў сферах жывёлагадоўлі, будаўніцтва і дызайну, гаворыцца ў паведамленні.

У рэлізе выкладзеныя мэты візіту: адкрыццё ў Мінску гандлёвага дома Узбекістана і рэстарана узбекскай кухні, стварэнне ў Беларусі ўзбекскіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, развіццё прамых паставак узбекскай плодаагародніннай прадукцыі і іншыя праекты.

Па выніках 2025 года знешнегандлёвы абарот Беларусі і Узбекістана перавысіў 850 млн долараў, вынікае з папярэдняй ацэнкі, якую 24 лютага прадставіў амбасадар у гэтай краіне ў Цэнтральнай Азіі Аляксандр Агароднікаў.

“Мы вельмі блізкія да запаветнага мільярда [долараў тавараабароту], — падкрэсліў дыпламат. — Ён ужо не падаецца такім недасяжным, бо летась тавараабарот вырас больш як на 34%”.

Беларусь пастаўляе на ўзбекістанскі рынак прадукцыю сельгасмашынабудавання, дрэваапрацоўкі, прадукты (мяса, малочную прадукцыю, лекі).

“У нас пастаянна з’яўляюцца новыя невялікія нішы, бо Узбекістан вельмі актыўна развіваецца — 7,7% росту ВУП летась. Ён лідар у сваім рэгіёне. Гэта сведчыць пра тое, што развіваюцца абсалютна ўсе галіны”, — лічыць дыпламат.

У Беларусь з Убекістана, паводле яго слоў, пастаўляецца садавіна, вінаград, кавуны, дыні — “тое, да чаго ўжо прызвычаіліся беларускія пакупнікі”: “Сезон і надвор’е такое, што дазваляюць збіраць два, а часам і тры ўраджаі”.

На думку Агароднікава, “не варта скідаць з рахункаў” таксама прадукцыю прамысловасці Узбекістана, бо “ідзе вельмі актыўнае развіццё”.

Падзяліцца: