Мінск 20:11

Ціханоўская: Мы шануем тых, хто аддаў свае жыцці ў барацьбе за свабодную Украіну і свабодную Беларусь

Архіўнае фота: "Позірк"

9 сакавіка, Позірк. “Мы шануем тых, хто аддаў свае жыцці ў барацьбе за свабодную Украіну і свабодную Беларусь”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 9 сакавіка — у чарговую гадавіну стварэння беларускага палка імя Каліноўскага (ПКК), які ваюе на ўкраінскім баку.

“Чатыры гады таму беларускія добраахвотнікі стварылі полк Кастуся Каліноўскага, каб абараняць Украіну ад расійскай агрэсіі. Нашы народы маюць аднаго і таго ж ворага і вядуць адну і тую ж барацьбу за свабоду”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

У сваім тэлеграм-канале дэмлідар адзначыла, што дзень заснавання ПКК ужо стаў часткай новай гісторыі Беларусі — “гісторыі выбару на карысць адказнасці і годнасці”.

“Беларускія добраахвотнікі — нашы сучасныя героі, — падкрэсліла яна. — Яны зазірнулі злачынцу ў вочы і не пабаяліся пайсці туды, дзе рызыка і смерць. І яны зрабілі так, бо сумленне не дазваляе быць абыякавым. Беларусы заўсёды былі на баку праўды і справядлівасці і ў чарговы раз даказалі, што прынцып “мая хата з краю” — не пра беларусаў”.

“Беларусы валанцёраць па ўсёй Украіне і па-за яе межамі. Беларусы збіраюць гуманітарную дапамогу ў розных краінах, беларусы данацяць, ствараюць пункты нязломнасці, дапамагаюць Узброеным сілам Украіны — і ваююць у іх шэрагах. Аднойчы гэты дзень будзе ў падручніках гісторыі як напамін: нават калі ў Беларусі панавала дыктатура, беларусы ўсё адно рабілі выбар на карысць свабоды. Дзякуй кожнаму і кожнай, хто змагаецца ва Украіне”, — напісала Ціханоўская.

9 сакавіка 2022 года беларускія добраахвотнікі стварылі батальён імя Кастуся Каліноўскага. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, а 21 траўня было абвешчана пра яго трансфармацыю ў полк.

Перыядычна ПКК паведамляе пра факты гібелі сваіх байцоў, дакладны маштаб стратаў невядомы. Раней СМІ паведамлялі, што ў баях супраць РФ загінула каля 70 беларусаў, што ваявалі ў розных падраздзяленнях.

У Беларусі па факце стварэння палка Каліноўскага распачатая крымінальная справа. Міністэрства ўнутраных спраў прызнала ПКК “экстрэмісцкім фарміраваннем” (першапачаткова — у верасні 2022 года, дадаткова — у красавіку 2024-га).

25 верасня 2024 года стала вядома, што Вярхоўны суд прызнаў ПКК “тэрарыстычнай арганізацыяй”.

Падзяліцца: