Мінск 20:14

Беларусь гатовая дапамагчы Узбекістану пабудаваць АЭС — Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота на старонцы адміністрацыі БелАЭС у сацсетцы "УКантакце"

9 сакавіка, Позірк. Беларусь гатовая дапамагчы Узбекістану пабудаваць атамную электрастанцыю, вынікае з заявы Аляксандра Лукашэнкі 9 сакавіка ў Мінску на сустрэчы з амбасадарам гэтай краіны ў Цэнтральнай Азіі Рахматулай Назаравым.

“Ведаем ваш інтарэс да нашых спецыялістаў у плане будаўніцтва атамнай станцыі, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Мы такія кампетэнцыі асвоілі дзякуючы расіянам. Мы з расіянамі працуем ва ўсіх кропках свету, дзе яны будуюць гэтыя атамныя энергаблокі. Калі вас задавальняе, прыязджайце ў любы час, калі вам трэба. Сядуць [прадстаўнікі Узбекістана] з адмыслоўцамі [з Беларусі], паразмаўляюць — міністр дасць каманду. Мы будзем садзейнічаць будаўніцтву вашай атамнай электрастанцыі. Будзем старацца, каб нашыя адмыслоўцы аказалі вам пасільную дапамогу. Вы самі ўбачыце, у чым мы можам быць вам цікавыя”.

Са слоў Лукашэнкі вынікае, што цяпер плануецца візіт у Беларусь прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева.

“Думаю, да гэтага часу мы актуалізуем усе нашы пытанні, абагульніўшы іх і выпрацаваўшы план на найбліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектыву, — сказаў палітык. — Стасункі развіваюцца някепска. Асабліва ў плане візіту апошняга нашай урадавай дэлегацыі на чале з прэм’ер-міністрам у вашу краіну”.

“Мне вельмі імпануе дамоўленасць пра тое, што ў найбліжэйшы час, недзе да 2030 года, мы дасягнем двухмільярднага тавараабароту. Гэта цалкам магчыма. Тым больш што эканомікі нашых краін не канкурэнты адна адной. Усё, што мы ўмеем рабіць — ад сельскай гаспадаркі да машынабудавання, — гэта ўсё трэба густанаселенай узбекскай дзяржаве”, — дадаў ён.

Збудаванне Беларускай АЭС паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася ўвосені 2023 года. Станцыя пабудаваная на падставе расійскага праекта, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”. Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

У сярэдзіне лістапада 2025 года стала вядома, што ўлады маюць намер пабудаваць трэці энергаблок БелАЭС (уключыць у энергасістэму плануецца ў 2035–2038 гадах), але не адмаўляюцца ад ідэі збудаваць другую атамную станцыю — ва ўсходняй частцы краіны.

Падзяліцца: