Ціханоўская абмеркавала з кіраўніком МЗС Італіі падтрымку беларускіх дэмсіл

10 сакавіка, Позірк. Падчас візіту ў Рым (Італія) дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская правяла шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі ўлады краіны, паведаміла 10 сакавіка прэс-служба палітыка.
На сустрэчы з міністрам замежных справаў Антоніа Таяні былі абмеркаваныя пытанні палітычнай падтрымкі дэмакратычных сіл, супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях і кантакты на палях G7 (“Вялікая сямёрка”). Таксама падымаліся гуманітарныя пытанні — аб падтрымцы ахвяр рэпрэсій у Беларусі, праблемы беларусаў у Італіі і інш.
Адзначаецца, што Ціханоўская падкрэсліла важнасць захавання магчымасцяў для беларусаў атрымліваць візы і мець доступ да гуманітарных праграм. Палітык прапанавала Італіі далучыцца да Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі рэпрэсаваных.
Падтрымку дэмакратычнай Беларусі з боку італьянскага парламента і працу парламенцкай групы “За дэмакратычную Беларусь” Ціханоўская абмеркавала са спікерам заканадаўчага органа Ларэнца Фантана.
Акрамя таго, на сустрэчы ішла гаворка пра “міжнародны альянс парламенцкіх груп у падтрымку Беларусі і будучую сустрэчу альянсу ў Лондане”, а таксама пра “ініцыятывы салідарнасці з палітвязнямі”.
“Асобна закранулі ўзаемадзеянне з беларускай дыяспарай у Італіі, працу беларускага шэлтара і Цэнтра дэмакратычных сіл у Фларэнцыі і пытанні легалізацыі беларусаў”, — гаворыцца ў паведамленні.
З групай “сяброў дэмакратычнай Беларусі” Ціханоўская абмеркавала геапалітычную сітуацыю ў краіне, працэс вызвалення палітвязняў, ролю рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны і далейшыя крокі супрацоўніцтва з Італіяй — у тым ліку ў гуманітарных і парламенцкіх ініцыятывах.
Падкрэсліваецца, што Ціханоўская запрасіла суразмоўцаў далучыцца да мерапрыемстваў з нагоды Дня Волі і Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю 25 сакавіка.
“Я вельмі ўдзячная Італіі за нязменную і няспынную падтрымку. Нягледзячы на дыстанцыю паміж нашымі краінамі, Італія дэманструе сапраўднае лідарства па Беларусі — гэта праяўляецца і ў палітычнай падтрымцы, і ў цвёрдай пазіцыі, і ў колькасці выдадзеных візаў. Італія адрознівае беларусаў і рэжым, а Беларусь ад Расіі”, — адзначыла палітык.
9 сакавіка ў Рыме Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з прэзідэнтам Італіі Серджа Матарэла. Ціханоўская падзякавала кіраўніку італьянскай дзяржавы і народу яго краіны за паслядоўную падтрымку беларусаў і дэмакратычных сіл. Яна адзначыла, што супраца паміж Італіяй і дэмсіламі Беларусі сёння знаходзіцца “на вельмі высокім узроўні” і развіваецца “як на ўрадавым, так і на парламенцкім і муніцыпальным узроўнях”.
11 снежня 2025 года беларускі дэмлідар атрымала ў Рыме прэмію імя Маргарэт Тэтчар за абарону свабоды. Ціханоўская прысвяціла яе “смелым беларускім жанчынам, якія змагаюцца за свабоду”, “жалезным ледзі Беларусі” — Марыі Калеснікавай, Кацярыне Андрэевай, Ніне Багінскай ды іншым.
Летась у снежні пры ўдзеле палітыка пачаў працаваць Цэнтр беларускай дэмакратычнай супольнасці ў Фларэнцыі. Увесну 2025-га Ціханоўская атрымала ад мэра гэтага італьянскага горада так званую “Пячатку міру”, якая ўручаецца палітычным і культурніцкім дзеячам, што зрабілі ўнёсак у прасоўванне каштоўнасцяў міру і свабоды.
Увосені Ціханоўская ўдзельнічала у першым Еўрапейскім форуме за свабоду і дэмакратыю на італьянскім востраве Вентатэне.

- Грамадства, Палітыка9 сакавіка больш за 10 мігрантаў спрабавалі трапіць у Польшчу з беларускай тэрыторыі — найбольшая колькасць за апошнія паўмесяцаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваПраз снежную і марозную зіму вясновае разводдзе чакаецца вышэй, чым у апошнія гады — БелгідраметМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаІнфляцыя ў лютым склала 0,6%, ад пачатку года цэны выраслі на 1% — Белстат (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка

