Мінск 21:47

У ноч на 11 сакавіка чакаецца прыбыццё ў Мінск вывазнога спецрэйса “Белавія” з Катара

Ілюстрацыйнае фота: "Белавія"

10 сакавіка, Позірк. Спецыяльны рэйс “Белавія” вылецеў з Дохі (Катар) 10 сакавіка ў 14.50, вынікае з актуальнага раскладу на сайце нацыянальнага аэрапорта Мінск.

Ён зробіць прамежкавую пасадку ў Актау (Казахстан) і павінен прыбыць у Мінск у 01:00 11 сакавіка.

Міністэрства транспарту і камунікацый паведамляе, што “ва ўмовах дзейных абмежаванняў на авіязносіны беларускі бок правёў перамовы з кампетэнтнымі органамі Катара”. “Вынікам сумесных намаганняў МЗС, амбасады Беларусі ў Катары і авіякампаніі “Белавія” стала атрыманне дазволу на выкананне рэйса нацыянальным авіяперавозчыкам”, — адзначае ведамства.

У паведамленні Мінтранса гаворыцца, што “Белавія” — першая замежная авіякампанія, якой катарскі бок даў магчымасць для вывазу турыстаў.

“Для прыёму беларускага паветранага судна аэрапорт Хамад быў часова адкрыты, задзейнічаны ўсе неабходныя службы, уключаючы забеспячэнне дадатковых мер бяспекі”, — падкрэслівае ведамства.

Раней “Белавія” перанесла запланаваны з Катара эвакуацыйны рэйс з 1 на 2 сакавіка, а пасля на 3-е, пасля чаго новай інфармацыі аб ім перавозчык не даваў.

3 сакавіка Нацыянальнае агенцтва па турызме Беларусі паведаміла, што на той дзень у Катары знаходзілася каля 200 беларускіх турыстаў, якія куплялі пуцёўкі праз турагенцтвы.

Працягваюцца вывазныя рэйсы беларускага авіяперавозчыка з ААЭ і Амана.

10 сакавіка стала вядома, што “Белавія” адмяніла два рэйсы з Мінска ў Тэль-Авіў (Ізраіль), запланаваных на 12 і 15 сакавіка, паколькі ізраільскія авіяцыйныя ўлады працягнулі да 16 сакавіка закрыццё паветранай прасторы для замежных авіяперавозчыкаў.

9 сакавіка амабасада Беларусі ў Тэль-Авіве паведаміла аб магчымасці пакінуць Ізраіль рэгулярнымі рэйсамі авіякампаній гэтай краіны. Было заяўлена, што даступныя білеты на рэйсы авіякампаній El Al, Israir, Arkia і Air Haifa.

Сітуацыя звязана з баявымі дзеяннямі на Блізкім Усходзе.

28 лютага Ізраіль і ЗША пасля правалу перамоваў па ядзернай праграме Тэгерана распачалі ваенныя аперацыі супраць рэжыму аятолаў у Іране. Вярхоўны лідар Алі Хаменеі, які знаходзіўся ва ўладзе з 1989 года, быў забіты на пачатку баявых дзеянняў. Савет экспертаў Ірана абраў новым вярхоўным лідарам яго сына Маджтабу Хаменеі.

У сваю чаргу Іран спачатку запусціў ракеты і беспілотнікі па Ізраілі, а потым — па амерыканскіх базах і іншых аб’ектах у краінах Блізкага Усходу.

Аляксандр Лукашэнка назваў “напад Ізраіля пры падтрымцы ЗША на Іран” “вераломным” і “непрымальным”.

Падзяліцца: