Мінск 22:49

Ціханоўская абмеркавала з прэм’ерам Італіі Мелоні палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі

Фота: тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай

10 сакавіка, Позірк. Італія “адыгрывае важную ролю ў міжнароднай кааліцыі падтрымкі беларускага грамадства і з’яўляецца прыкладам салідарнасці на еўрапейскім узроўні”, заявіла дэмлідар Святлана Ціханоўская 9 сакавіка на сустрэчы з італьянскім прэм’ер-міністрам Джорджай Мелоні.

Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, бакі абмеркавалі “бягучую сітуацыю ў Беларусі, уключаючы рэпрэсіі, што працягваюцца, а таксама рост залежнасці рэжыму Лукашэнкі ад Расіі”.

Беларуская палітык падкрэсліла, што дэмакратычныя сілы “працягваюць працу, рыхтуюць заканадаўчыя ініцыятывы і фарміруюць кадравы рэзерв для будучых рэформ”.

Паведамляецца, што “асобнай тэмай стала падтрымка Лукашэнкам вайны Расіі супраць Украіны”. У рамках яе абмеркавання Ціханоўская падкрэсліла важнасць міжнароднай падтрымкі Кіева і паведаміла пра развіццё супрацоўніцтва з украінскім кіраўніцтвам.

У рамках абмеркавання пытанняў рэгіянальнай бяспекі дэмлідар адзначыла, што Беларусь выкарыстоўваецца для гібрыдных атак супраць краін НАТО і ЕС, уключаючы атакі на Літву з выкарыстаннем паветраных кантрабандных шароў, а таксама арганізаваны міграцыйны крызіс на мяжы з Польшчай і іншыя формы дэстабілізацыі рэгіёна.

Адзначаецца, што на сустрэчы таксама абмяркоўвалася магчымасць узмацнення санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку санкцыі за парушэнні правоў чалавека і меры супраць абыходу існуючых абмежаванняў.

Асобная ўвага была нададзена пытанням мабільнасці беларусаў і візавай палітыкі. Ціханоўская заявіла пра важнасць захавання і пашырэння магчымасцей для беларускіх грамадзян атрымліваць візы і працягваць кантакты з Еўропай, нягледзячы на палітыку рэжыму Лукашэнкі. Яна таксама падняла пытанне палягчэння доступу беларусаў да гуманітарных і адукацыйных праграм у краінах ЕС.

“Гэта была шчырая і змястоўная размова. Прэм’ер-міністр Мелоні падтрымлівае беларускі народ і нашу працу дзеля дэмакратычных змен. Мы шмат увагі прысвяцілі не толькі геапалітычным, але і гуманітарным пытанням і наступным крокам па вызваленні палітвязняў. У нас шмат планаў, і гэты візіт у Рым адкрые новыя магчымасці для супрацоўніцтва з Італіяй”, — адзначыла Ціханоўская па выніках сустрэчы.

Падчас візіту ў Рым 9 сакавіка дэмлідар правяла сустрэчу з прэзідэнтам Італіі Серджа Матарэлай, а таксама міністрам замежных спраў Антоніа Таяні, спікерам парламента Ларэнца Фантанай і групай “сяброў дэмакратычнай Беларусі” ў парламенце краіны.

На канферэнцыі “Жанчыны майго часу” 9 сакавіка ў італьянскай сталіцы Ціханоўская заклікала “жанчын свабоднага свету” ўзняць свае галасы “ў салідарнасці з беларускамі”.

Ціханоўская сустракалася з Мелоні ў Рыме ў ліпені 2023 года.

Падзяліцца: