Мінск 16:15

Вярхоўная рада заклікала Польшчу, краіны Балтыі і Фінляндыю забараніць гандаль з Беларуссю

Фота: pixabay.com

11 сакавіка, Позірк. Вярхоўная рада Украіны 11 сакавіка прыняла пастанову аб звароце да ўрадаў Польшчы, Фінляндыі, Літвы Латвіі і Эстоніі “адносна ініцыявання поўнай забароны экспартна-імпартных аперацый для юрыдычных асоб (гандлю і транзітнага перамяшчэння тавараў) з Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь”, паведамляецца на сайце ўкраінскага парламента.

У звароце Вярхоўная рада выказвае падзяку згаданым краінам за “ўсебаковую падтрымку Украіны ў супрацьдзеянні агрэсіі РФ, а таксама за ключавую ролю ва ўмацаванні ўстойлівасці Украіны, забеспячэнні яе эканамічнай і ваеннай падтрымкі і ў кансалідацыі міжнародных намаганняў па аднаўленні стабільнасці ў Еўропе”.

Украінскія парламентарыі падкрэсліваюць, што, “нягледзячы на ўведзеныя санкцыі, гандаль Еўрапейскага саюза з Расіяй і Беларуссю па-ранейшаму з’яўляецца значнай крыніцай даходаў для гэтых рэжымаў, што спрыяе фінансаванню іх вайскова-прамысловых комплексаў”.

У пастанове прыводзяцца некаторыя статыстычныя даныя па гандлі ЕС і згаданых краін. У прыватнасці, адзначаецца, што “за 11 месяцаў 2024 года ЕС прадаў у Беларусь тавараў на 6,63 млрд еўра, а набыў беларускіх тавараў на 1,235 млрд”.

“Найбуйнейшымі пакупнікамі беларускіх тавараў былі: Польшча — 436,4 млн еўра; Літва — 188,8 млн еўра; Латвія — 177,5 млн еўра; Германія — 145,47 млн еўра. Больш за ўсё імпарту Беларусь завезла з Польшчы (2,07 млрд еўра)”, — адзначае ўкраінскі парламент.

Вярхоўная рада заклікала ўрады названых дзяржаў “разгледзець магчымасць ініцыяваць поўную забарону экспартна-імпартных аперацый для юрыдычных асоб, уключаючы гандаль і транзітнае перамяшчэнне тавараў, з Расійскай Федэрацыяй і Беларуссю, а таксама заручыцца падтрымкай Еўрапейскага саюза для ўнясення адпаведных абмежаванняў у наступныя санкцыйныя пакеты”.

У пастанове падкрэсліваецца, што ўвядзенне поўнага гандлёвага эмбарга на ўсходніх межах ЕС стане важным крокам ва ўзмацненні эканамічнага ціску на дзяржавы-агрэсары і будзе спрыяць умацаванню бяспекі як Украіны, так і ўсёй Еўропы.

18 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў аб увядзенні санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Зяленскі заявіў, у прыватнасці, што Украіна “актывізуе супрацьдзеянне ўсім формам садзейнічання” Лукашэнкі “забойствам украінцаў” і будзе “працаваць з партнёрамі так, каб гэта мела глабальны эфект”.

Падзяліцца: