Статкевіч узнагароджаны прэміяй за “нязломную мужнасць і выключны ўнёсак у дэмакратычны рух у Беларусі”

12 сакавіка, Позірк. Прэміяй Homo Homini за “нязломную мужнасць і выключны ўнёсак у дэмакратычны рух у Беларусі” ўганараваны Мікалай Статкевіч. Узнагароду прыняла яго жонка Марына Адамовіч 11 сакавіка ў Празе (Чэхія) на адкрыцці 28-га Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно Jeden svět, паведамляе “Радыё Свабода”.
Арганізатары фестывалю адзначылі, што Статкевіч “прысвяціў усе свае намаганні абароне дэмакратыі”, яго мужнасць “асабліва выявілася, калі пасля вызвалення ён супраціўляўся спробе прымусовай дэпартацыі і адмовіўся пакідаць краіну”.
Прэмію Homo Homini штогод прысуджае чэшская арганізацыя People in Need, якая займаецца гуманітарнай дапамогай, абаронай правоў чалавека і падтрымкай дэмакратычных каштоўнасцяў. Узнагарода ўручаецца з 1994 года.
У мінулыя гады лаўрэатамі Homo Homini станавіліся беларускія праваабаронцы: у 2005 годзе прэмію атрымаў Алесь Бяляцкі, у 2020-м — прадстаўнікі праваабарончага цэнтра “Вясна” Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца.
Статкевіч быў затрыманы ў траўні 2020 года. 14 снежня 2021 года суддзя Мікалай Доля з Гомельскага абласнога суда прыгаварыў палітыка да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах асаблівага рэжыму.
11 верасня 2025 года Статкевіч і яшчэ 51 вязень былі вызваленыя ў межах угоды паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам.
Умовай быў выезд за мяжу. Вызваленых павезлі ў Літву, аднак Статкевіч адмовіўся выконваць умову Лукашэнкі. Некаторы час ён правёў паміж памежнымі пераходамі Каменны Лог (Беларусь) і Мядзінінкай (Літва), пасля чаго вярнуўся на беларускую тэрыторыю.
Яго далейшы лёс не быў вядомы. У асяроддзі палітыка не выключалі, што яго вярнулі ў калонію ў Глыбокім (Віцебская вобласць), дзе ён раней утрымліваўся.
Адамовіч падала ў міліцыю заяву ў сувязі з яго знікненнем. 17 верасня яна наведала калонію ў Глыбокім, дзе ёй адмовіліся пацвердзіць месцазнаходжанне мужа, паабяцаўшы, што адказ будзе дадзены “ў пісьмовым выглядзе” ў 15-дзённы тэрмін.
Напрыканцы лістапада “Вясна” паведаміла, што сваякі Статкевіча атрымалі ліст з МУС, паводле якога палітвязень “адбывае пакаранне ў адпаведнасці з прыгаворам ад 14.12.2021”. Пры гэтым дакладнае месцазнаходжанне так і не было пазначанае.
17 верасня на сустрэчы з “ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю”, прысвечанай “дню народнага адзінства”, Лукашэнка выказаўся пра сваіх палітычных праціўнікаў, якіх выпускаюць на волю. Паводле яго слоў, “некаторыя здзяйснялі і досыць сур’ёзныя злачынствы”.
“Ну [возьмем] нават вось гэтага Статкевіча. Ну, чалавек ужо на зыходзе. Ён жа ўжо хутка памрэ, не дай бог, у турме (Статкевічу 69 гадоў, Лукашэнку 71 год. — “Позірк”.). Ну навошта гэта трэба? Ну, ён хоча быць лідарам. Туды зайшоў — нібыта на нейтральную ці куды паласу, перайшоў да літоўцаў, хлопцы спыталі: “Ты што, у Беларусь хочаш? Ты ж у турму пойдзеш. — Пайду ў турму”, — перадаў Лукашэнка нібыта словы Статкевіча.
“Ну, добра. Забралі яго. Не кінуць яго, усё ж наш чалавек, грамадзянін, дакладней, наш. Ну, забралі яго ў Беларусь. Навошта крыўдзіць? Але калі ён хоча лідарам быць па спальванні аўтамабіляў і дамоў міліцыі, то няхай там знаходзіцца”, — сказаў Лукашэнка, не ўдакладніўшы месцазнаходжанне Статкевіча.
Пра тое, што Статкевіч знаходзіцца дома і аднаўляецца пасля інсульту Марына Адамовіч паведаміла 19 лютага.
20 лютага прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант паведаміла, што той прыняў адпаведнае рашэнне на просьбу сваякоў Статкевіча.

- Грамадства
- ГрамадстваЗа апошнія тры дні на беларускіх метэастанцыях зафіксавана 14 тэмпературных рэкордаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа першую дэкаду сакавіка суседнія краіны ЕС зафіксавалі 23 спробы нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі, з пачатку года — амаль 150 (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ЭканомікаАграсэрвісныя арганізацыі выпускаюць больш за 600 найменняў запчастак для імпартнай тэхнікі — ГалоўдзяржтэхнаглядМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваНа поўначы Беларусі мінулым днём зафіксавана тры рэкорды цяплаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства


