Мінск 20:03

Рашэнне МКС распачаць раследаванне супраць рэжыму Лукашэнкі вяртае надзею на аднаўленне законнасці — Ціханоўская

Архіўнае фота: АПК

12 сакавіка, Позірк. Рашэнне Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) “распачаць раследаванне супраць рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці <…> вяртае надзею на аднаўленне законнасці” — на тое, што “вінаватыя панясуць адказнасць, а пацярпелыя атрымаюць права на праўду і справядлівасць”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Вітаўшы рашэнне МКС, палітык канстатавала, што “праз дзеянні рэжыму пацярпелі і працягваюць цярпець сотні тысячаў беларусаў, а палітыка Лукашэнкі стварае пагрозы і для суседзяў Беларусі”.

“Я шчыра дзякую Літве, якая ўзяла на сябе ініцыятыву, і ўсім краінам, што падтрымалі гэты крок. Дзякую таксама маім калегам з дэмакратычных сіл, Паўлу Латушку, праваабаронцам і юрыстам, якія на працягу доўгага часу настойліва працавалі, каб гэта стала магчымым”, — адзначыла яна.

Латушка, намеснік Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінеце, а таксама кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, якое шчыльна займаецца пытаннем прыцягнення рэжыму да адказнасці праз міжнародныя судовыя інстытуцыі, назваў рашэнне МКС “вялікай перамогай”.

“Гэта непазбежны крок у кірунку дасягнення правасуддзя і справядлівасці для ахвяр рэпрэсій, — адзначыў ён. — Гэтае рашэнне азначае, што ў найбліжэйшы час Офіс пракурора пачне фармаваць справы супраць канкрэтных асоб, якія здзейснілі злачынствы дэпартацыі і пераследу як злачынствы супраць чалавечнасці. Няма сумневаў, што такая справа будзе заведзеная і ў дачыненні да дыктатара”.

Палітык выказаў упэўненасць, што Лукашэнка будзе абвешчаны ў міжнародны крымінальны вышук, а пасля “справядлівасць возьме верх”.

12 сакавіка МКС паведаміў пра тое, што на падставе матэрыялаў Літвы пра здзяйсненне рэжымам Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці распачатае расследаванне.

Урад Літвы перадаў у офіс пракурора МКС матэрыялы пра “трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя Лукашэнкам і яго паплечнікамі ў дачыненні да беларусаў”, 30 верасня 2024 года. Такім чынам, на прыняцце рашэння пра пачатак расследавання спатрэбілася амаль паўтара года.

МКС распачаў расследаванне на падставе матэрыялаў Літвы пра здзяйсненне рэжымам Лукашэнкі злачынстваў супраць чалавечнасці (дапоўнена)

12 сакавіка, Позірк. Міжнародны крымінальны суд (МКС) распачаў расследаванне на падставе матэрыялаў Літвы пра здзяйсненне рэжымам Аляксандра Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці. Паводле інфармацыі на сайце суда, офіс пракурора МКС адкрыў расследаванне, бо прыйшоў да наступнай высновы: "Існуюць разумныя падставы …
Падзяліцца: