Мінск 16:17

Францыя адмовіла акцыяністу Кузьмічу ў статусе ўцекача

Перфоманс Аляксея Кузьміча ў Парыжы
Архіўны відэазапіс на старонцы акцыяніста ў "Фэйсбуку"

12 сакавіка, Позірк. Францыя адмовіла беларускаму акцыяністу Аляксею Кузьмічу ў наданні статуса ўцекача. Адпаведны адказ французскіх уладаў мужчына апублікаваў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

З дакумента вынікае, што рашэнне прынятае на падставе п. 1 арт. L.511-7 Кодэкса аб уездзе і пражыванні замежнікаў і праве на прытулак. Згодна з згаданай нормай, у наданні статусу ўцекача можа быць адмоўлена, калі “існуюць сур’ёзныя падставы меркаваць, што прысутнасць гэтай асобы ў Францыі прадстаўляе сур’ёзную пагрозу бяспецы дзяржавы”.

Аляксей Кузьміч — сын вядомага мастака, таксама Аляксея Кузьміча. Раней ладзіў правакацыйныя перформансы ў Беларусі.

У кастрычніку 2023 года яго відэафільм “Іншапланетнікі ў Беларусі. Транзіт або Зад назад” прыцягнуў увагу беларускіх сілавікоў. У лютым 2024-га Кузьміч быў эвакуяваны з Беларусі фондам салідарнасці BySоl, пасля таго як прыехаў у краіну ў сувязі са смерцю бабулі.

Напрыканцы ліпеня 2024 года акцыяніст быў затрыманы за перфоманс, падчас якога ён раскопваў магілу нідэрландскага мастака Вінцэнта Ван Гога на муніцыпальных могілках у французскім горадзе Овер-сюр-Уаз. На падставе рашэння суда Кузьміча адправілі ў следчы ізалятар для замежнікаў на месяц.

2 жніўня суд Пантуаза (прыгарад Парыжа) пастанавіў дэпартаваць Кузьміча ў Беларусь. Таксама яго аштрафавалі на 3 тыс. еўра і прыгаварылі да месяца ўмоўнага зняволення. 7 жніўня суд пастанавіў пакінуць Кузьміча ў зняволенні яшчэ на 26 сутак. Мастак заявіў, што яго ўтрыманне пад вартай не абгрунтаванае, яго правы парушаюцца, і абвясціў галадоўку.

14 жніўня Мелунскі адміністрацыйны суд ануляваў рашэнне пра дэпартацыю Кузьміча ў Беларусь, а 21 жніўня яго вызвалілі з ізалятара.

21 верасня ў сацсетках акцыяніста быў апублікаваны відэазапіс чарговага перформансу. Кузьміч намаляваў пад Вандомскай калонай у Парыжы тэстыкулы, каб разам з манументам яны ўтварылі фалічны сімвал. Сваю акцыю ён назваў “Апладненне”.

Праз некалькі дзён, 23 верасня, на старонцы Кузьміча ў “Інстаграме” з’явілася паведамленне пра яго арышт і крымінальны пераслед у Францыі. “Кузьміч арыштаваны. Яму ставіцца ў віну крымінальны артыкул: вандалізм у дачыненні да помніка архітэктуры, які ёсць культурным здабыткам Францыі”, — гаварылася ў паведамленні. 1 кастрычніка ён ужо быў на волі.

Падзяліцца: