Мінск 16:53

МЗС Амана паведаміў, што пагадненне аб бязвізавых паездках з Беларуссю ўступае ў сілу 17 сакавіка

Ілюстрацыйнае фота: сайт авіякампаніі Oman Air

16 сакавіка, Позірк. Падпісанае ў кастрычніку 2025 года ў Мінску пагадненне паміж урадамі Беларусі і Амана аб узаемнай адмене віз уступае ў сілу 17 сакавіка, вынікае з паведамлення МЗС арабскай краіны.

Ведамства нагадвае сваім грамадзянам, што пры ўездзе ў Беларусь пашпарт павінен быць сапраўдным не менш за 6 месяцаў, працягласць аднаго візіту не можа перавышаць 30 дзён, пры гэтым агульны тэрмін знаходжання на працягу каляндарнага года — не больш за 90 дзён.

“Калі вы хочаце знаходзіцца больш за 30 дзён за адзін візіт, неабходна атрымаць візу ў адпаведнасці з заканадаўствам прымаючай краіны”, — гаворыцца ў паведамленні.

Звяртаецца ўвага, што мэтай паездкі ў Беларусь “не павінна быць вядзенне бізнесу” або “якой-небудзь іншай аплачванай дзейнасці”.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб ратыфікацыі згаданага пагаднення 27 студзеня гэтага года, аманскі бок ратыфікаваў дакумент 12 лістапада 2025-га.

Пагадненне заключанае 6 кастрычніка 2025 года ў Мінску ў прысутнасці Лукашэнкі і султана Амана Хайсама бін Тарыка аль Саіда. Дакумент падпісалі міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў і яго аманскі калега Бадр бін Хамад бін Хамуд аль Бусаідзі.

Лукашэнка апошні раз наведваў Аман у канцы лістапада — пачатку снежня 2025 года (да і пасля візіту ў Алжыр).

У лютым 2026 года Беларусь і Аман прынялі рашэнні адкрыць амбасады на тэрыторыі адзін аднаго.

Аман, як і іншыя дзяржавы рэгіёну, фактычна знаходзіцца ў зоне баявых дзеяньняў пасля распачатай 28 лютага Ізраілем і ЗША ваеннай аперацыі ў Іране і ўдараў у адказ Ірану, у тым ліку — па амерыканскіх аб’ектах у Амане. Ударам падвергліся таксама размешчаныя ў краіне паліўныя тэрміналы.

З моманту пачатку баявых дзеянняў на Блізкім Усходзе нацыянальная авіякампанія “Белавія” выканала 2 вывазныя рэйсы з Амана, вярнуўшы ў краіну 305 беларусаў, якія знаходзіліся там.

Падзяліцца: