Мінск 15:58

У Віцебскай вобласці ў даход дзяржавы спагнаны кошт незаконных узнагароджанняў, атрыманых работнікам медустановы

19 сакавіка, Позірк. У даход дзяржавы спагнаны кошт незаконных узнагароджанняў, атрыманых работнікам медустановы ў Віцебскай вобласці, паведамляе Генеральная пракуратура.

Паводле даных нагляднага ведамства, супрацоўнік установы аховы здароўя атрымліваў падарункі і грашовыя сродкі ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў з траўня па снежань 2023 года.

Пракурор Віцебскай вобласці прад’явіў яму пазоў аб спагнанні кошту незаконна атрыманых узнагароджанняў, які, як паведамляецца, задаволены судом “у поўным аб’ёме”. Сума не называецца.

Падкрэсліваецца, што нягледзячы на спыненне крымінальнага пераследу службовай асобы з прычыны адсутнасці складу злачынства паводле арт. 433 КК (незаконнае ўзнагароджанне), яе дзеянні кваліфікаваныя як карупцыйнае правапарушэнне. Пад такім, згодна з ч. 1 арт. 37 закона “Аб барацьбе з карупцыяй”, разумеецца “прыняцце маёмасці дзяржаўнай службовай асобай у сувязі з выкананнем службовых (працоўных) абавязкаў”.

Паводле звестак Вярхоўнага суда, у 2025 годзе за ўчыненне карупцыйных злачынстваў асуджана 657 асоб — на 7,3% менш, чым у 2024-м (709). З асуджаных 199 прыгаворана да пазбаўлення волі. Пазбаўленне права займаць пэўную пасаду або займацца пэўнай дзейнасцю ў якасці асноўнай меры пакарання прызначана 17 асобам, у якасці дадатковай — 557.

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За больш чым 30 гадоў карупцыя так і не была пераможана.

Падзяліцца: