Мінск 16:46

Ціханоўская: У Польшчы маем дзвюхпартыйную падтрымку

Святлана Ціханоўская
Фота: "Позірк"

19 сакавіка, Позірк. “Я вельмі ўдзячная Польшчы за тое, што прынялі мяне, за тое, што прымаюць беларусаў, і за тое, што палітычная падтрымка ў нас дзвюхпартыйная”, — заявіла ў інтэрв’ю “Позірку” беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Пад дзвюхпартыйнай падтрымкай яна мела на ўвазе “Грамадзянскую платформу”, якая ўваходзіць у кіруючую кааліцыю, і апазіцыйную “Права і справядлівасць”.

Паводле слоў Ціханоўскай, у Польшчы шмат з кім можна супрацоўнічаць. “І калі беларусы ў Літве больш сканцэнтраваныя ў Вільнюсе, то тут шмат працы ў розных гарадах. І, канешне, паўсюль чакаюць. Я спадзяюся, што змагу наведаць шмат гарадоў у Польшчы, дзе таксама жывуць беларусы. Агулам, мяркую, магчымасцей у пэўным сэнсе больш — менавіта па супрацы з беларускімі арганізацыямі”, — сказала палітык.

Яна адзначыла, што “стратэгічна Вільнюс адыгрывае вялізную ролю ў барацьбе за дэмакратычную Беларусь”. “Тое, што змяніліся, скажам так, нейкія тэхнічныя моманты, не робіць з Літвы менш важнага саюзніка”, — падкрэсліла суразмоўца.

“Літва вырашыла, што мой статус госця дзяржавы застаецца, дыпламатычны статус офіса таксама. <…> Таму нашы стасункі з Літвой — палітычныя, стратэгічныя — ніяк не мяняюцца. Мы ў кантакце і з МЗС. У нас ёсць супрацоўнікі ў офісе, якія пастаянна ў камунікацыі таксама з парламентам. Анатоль Лябедзька, які адказвае за працу з парламентарыямі, застаецца ў Вільнюсе. Маё перамяшчэнне ў іншую краіну не павінна ўплываць на палітычныя, дыпламатычныя стасункі”, — дадала Ціханоўская.

Яна паведаміла, што плануе візіт у Літву.

Падзяліцца: