Мінск 17:00

БАЖ паведаміў пра ўзлом сайта “Радыё Рацыя”

Ілюстрацыя: pixabay.com

19 сакавіка, Позірк. Аб узломе беларускай версіі сайта “Радыё Рацыя” паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

Як адзначаецца, “кіберзлачынцы размясцілі фішынгавую старонку на сайце racyja.com — але толькі ў беларускамоўнай версіі”. Англійская і польская версіі партала — “чыстыя”.

Спецыялісты БАЖ у сферы кібербяспекі падкрэсліваюць, што атака працуе наступным чынам: “Пры загрузцы старонкі спецыяльны скрыпт спачатку выдаляе ўсе легітымныя банеры бяспекі, а затым накладвае на сайт поўнаэкранны iframe, які змяшчае падробленую праверку”.

4 сакавіка Мінскі гарадскі суд прыгаварыў 58-гадовага радыёвядучага і музыканта Алега Хаменку да 3 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Ён таксама аштрафаваны на суму, якая перавышае 20 тыс. рублёў.

Судовы працэс у дачыненні да Хаменкі пачаўся 19 лютага 2026 года. Вядома, што на экспертызу былі накіраваныя выпускі музычных праграм Хаменкі на “Радыё Рацыя”, раней прызнаным “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Такім чынам, абвінавачанне звязанае з супрацоўніцтвам з радыёстанцыяй, адзначаў БАЖ.

Хаменка быў затрыманы ў Мінску 17 чэрвеня 2025 года пасля ператрусу ў яго кватэры.

Медыя “Радыё Рацыя” працуе ў Польшчы.

Падзяліцца: