Мінск 18:00

Ціханоўская: Стасункі з украінскім бокам павінны быць інстытуцыянальнымі

Святлана Ціханоўская
Фота: "Позірк"

19 сакавіка, Позірк. “На палітычным узроўні вельмі важна, каб нашыя стасункі з украінскім бокам былі інстытуцыянальнымі”, — заявіла ў інтэрв’ю “Позірку” беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Паводле яе слоў, патрэбная міжміністэрская група, якая штодзённа будзе займацца і агульнапалітычнымі пытаннямі, і праблемамі беларусаў ва Украіне. “Спадзяюся, што хутка будзе прызначаны спецпрадстаўнік ад Украіны”, — дадала яна.

Ціханоўская адзначыла, што вельмі чакае візіту ў Кіеў. “Бо ў мяне будзе, спадзяюся, магчымасць выказаць асабіста падзяку нашым ваярам, нашым валанцёрам, якія шмат працуюць там для беларусаў і для украінцаў; і нашым праваабаронцам, журналістам. Змагу падыхаць паветрам, у якім жывуць ужо чатыры гады украінцы”, — сказала дэмлідар.

Яна падкрэсліла, што наперадзе шмат працы з украінскім грамадствам, каб данесці думку, што сапраўдная Беларусь не Расія, за Украіну, што шмат беларусаў сядзіць у турмах з вар’яцкімі тэрмінамі менавіта за падтрымку Украіны.

25 студзеня ў Вільнюсе Ціханоўская і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правялі першыя поўнафарматныя перамовы. Раней яны некалькі разоў сустракаліся на міжнародных мерапрыемствах, але гэтыя сустрэчы ў асноўным абмяжоўваліся ўзаемнымі прывітаннямі.

Зяленскі запрасіў Ціханоўскую ў Кіеў і даручыў МЗС прадставіць кандыдатуры спецпасланніка па Беларусі.

Падзяліцца: