Вызвалены праваабаронца Стэфановіч: Трэба дамагацца мараторыю на пераслед

20 сакавіка, Позірк. Спадзеў на тое, што перамоўны працэс па вызваленні палітычных зняволеных працягнецца, выказаў адпушчаны 19 сакавіка на волю, але высланы з Беларусі ў Літву намеснік старшыні праваабарончага цэнтра “Вясна”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч.
“Я лічу, што трэба дамагацца вызвалення ўсіх палітзняволеных, якія засталіся яшчэ ў Беларусі — у розных калоніях, турмах, — сказаў ён журналістам у Вільнюсе. — Самае галоўнае — дамагацца, каб быў мараторый на пераслед, таму што інакш патрабаванне вызвалення палітвязняў зробіцца бясконцым. Яны саджаюць новых людзей. Я ведаю, што зараз шмат хто затрыманы, гэтыя працэсы затрымання працягваюцца”.
Паводле слоў праваабаронцы, вызваленне было для яго “і чаканым, і нечаканым”: “Я ў прынцыпе сачыў за гэтымі працэсамі, ведаў, што людзей вызваляюць, вывозяць за мяжу”. “Падазраваў, што і са мною некалі гэта адбудзецца, — адзначыў Стэфановіч. — З гэтага пункту гледжання я чакаў, але, як заўсёды, усё адбываецца нечакана — ранкам нас забралі, вывезлі. <…> Учора а 10-й гадзіне раніцы ў камеру зайшлі два АМАПаўцы, назвалі прозвішчы, сказалі, маўляў, тры хвіліны на зборы. Я паспеў сабраць нейкія рэчы, павялі на дагляд”.
Звонку праваабаронцу ды шэраг іншых выведзеных з калоніі сустрэлі “людзі ў цывільным”. Вязням “надзелі на галаву шапкі, каб нічога не бачылі”, а таксама кайданкі: “У такім выглядзе мы ехалі з Магілёва ў Мінск і прыехалі ў новы СІЗА”.
“Там па іх дзеяннях я зразумеў, што, відаць, будуць вывозіць, бо ў нас пазабіралі дрэнныя рэчы, боты мае забралі — красоўкі новыя далі, сказалі, каб пагаліўся”, — адзначыў ён, падзякаваўшы ўсім за падтрымку (“я яе адчуваў”).
Стэфановіч пакуль не мае пэўных планаў, але думае, што працягне займацца праваабарончай дзейнасцю.
“Я лічу, што гэта патрэбна зараз, патрэбна, я б сказаў, як ніколі нашай краіне. Ну і, вядома, трэба дамагацца вызвалення ўсіх, хто зараз знаходзіцца ў турмах. Вельмі шмат людзей там засталося — тых, каго я ведаю, каго я не ведаю, іх проста як ніколі шмат”, — падкрэсліў экс-палітвязень.
Стэфановіч, кіраўнік “Вясны” і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міра Алесь Бяляцкі, а таксама каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч былі затрыманыя 14 ліпеня 2021 года. 3 сакавіка 2023-га ў рамках палітычна матываванай справы аб “кантрабандзе грошай” і “фінансаванні парушэння грамадскага парадку” яны былі прыгавораныя да 9, 10 і 7 гадоў зняволення адпаведна.
Бяляцкі і Лабковіч выйшлі на волю 13 снежня 2025 года ў выніку перагавораў амерыканскай дэлегацыі з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Стэфановіч быў вызвалены 19 сакавіка 2026-га пасля аналагічнай сустрэчы.


- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваБелгідрамет мае намер скласці доўгатэрміновы прагноз да 2050 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваПадзеі лета 2024 года паказалі на недастатковую шчыльнасць маніторынгу небяспечных лакальных метэаз'яў — БелгідраметМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка

