Мінск 23:21

Ціханоўская: Заходнія палітыкі часам забываюць, што дыктатары — прафесійныя ашуканцы

Фота: College of Europe

20 сакавіка, Позірк. Вызваленне Аляксандрам Лукашэнкам часткі палітвязняў не з’яўляецца гуманітарным жэстам, заявіла Святлана Ціханоўская падчас выступлення ў Каледжы Еўропы ў Бруге (Бельгія) 19 сакавіка.

“Людзей вызваляюць, а затым незаконна дэпартуюць. Дыктатар пазбаўляецца ад сваіх праціўнікаў. Гэта не міласэрнасць. Гэта прымусовая высылка”, — падкрэсліла дэмакратычны лідар.

Паводле слоў Ціханоўскай, на сустрэчах з заходнімі палітыкамі яна часам чуе: “Можа быць, нам варта пагаварыць з Лукашэнкам?“

“Яны забываюць, што дыктатары — прафесійныя ашуканцы і ўгоды з імі заўсёды сканчаюцца нічым“, — сказала Ціханоўская.

Візіт Ціханоўскай у Бельгію праходзіў 18 і 19 сакавіка. Акрамя сустрэчы* ў каледжы, які спецыялізуецца на еўрапейскіх даследаваннях, яна ўзяла ўдзел у мерапрыемствах з нагоды 50-годдзя Еўрапейскай народнай партыі і правяла нефармальны брыфінг для пастаянных прадстаўнікоў краін НАТО пры штаб-кватэры гэтай арганізацыі.

19 сакавіка па выніках чарговых перамоваў са спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам Лукашэнка памілаваў 250 палітвязняў. 235 ён дазволіў застацца на радзіме, 15 было вывезена. Раней вывозілі ўсіх, каго вызвалялі ў рамках дамоўленасцяў з Вашынгтонам. Выключэннем стаў Мікалай Статкевіч, які здолеў выбрацца з аўтобуса на мяжы з Літвой і вярнуўся ў Беларусь. Нягледзячы на памілаванне, ён зноў быў пазбаўлены волі і адпушчаны толькі пасля інсульту.

Праблему гвалтоўнага вывазу палітвязняў з краіны ўздымалі перад адміністрацыяй ЗША беларускія дэмакратычныя сілы.

* Больш падрабязнасцяў даступна падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: