Мінск 14:31

РФ не прапусціла транзітам з Беларусі ва Узбекістан драўляныя вырабы

20 сакавіка, Позірк. Пра вяртанне ў Беларусь 47 куб. м драўляных вырабаў, вырабленых з хвойных парод драўніны, якое адбылося 18 сакавіка, паведаміла Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе РФ (Расельгаснагляд).

Адзначаецца, што згаданы груз у аўтамабілі пад кіраваннем грамадзяніна Беларусі накіроўваўся з Магілёўскай вобласці транзітам ва Узбекістан і “быў агледжаны на расійска-беларускай мяжы ў Бранскай вобласці”.

“У выніку дакументарнай праверкі ўстаноўлена, што тэрмін дзеяння фітасанітарнага сертыфіката, які суправаджаў вырабы, скончыўся месяц таму, і таму ён прызнаны несапраўдным”, — гаворыцца ў паведамленні ўпраўлення ведамства па Бранскай, Смаленскай і Калужскай абласцях.

18 сакавіка Расельгаснагляд інфармаваў пра вяртанне ў Беларусь дзвюх партый драўляных паддонаў у сувязі з адсутнасцю ў кіроўцаў фітасанітарных сертыфікатаў на экспартаваную прадукцыю. Аналагічныя выпадкі адбыліся ў лістападзе і верасні 2025 года.

17 сакавіка гэтага года служба паведаміла, што спыніла вываз грамадзянінам Беларусі з Кастрамы (РФ) у Брэсцкую вобласць 22 тон піламатэрыялаў, таксама праз адсутнасць фітасанітарнага сертыфіката.

Падзяліцца: