Мінск 10:56

Забарона на вываз з Беларусі каля 200 груп прамтавараў падоўжаная яшчэ на паўгода

Ілюстрацыйнае фота: Ruchindra Gunasekara / unsplash.com

24 сакавіка, Позірк. Забарона на вываз за межы Беларусі каля 200 груп прамысловых тавараў з 23 сакавіка 2026 года працягнутая яшчэ на шэсць месяцаў — да 22 верасня, вынікае з пастановы Савета міністраў № 128 ад 19 сакавіка.

У дакуменце, апублікаваным 24 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, гаворка ідзе пра шэраг медыцынскіх вырабаў і кампанентаў; газавыя рэзервуары, цыстэрны і бакі; ядзерныя рэактары і цеплавыдзяляльныя элементы; розныя паравыя катлы і іх часткі, газагенератары, турбіны, помпы, рухавікі і сілавыя ўстаноўкі; печы і халадзільнае абсталяванне; шэраг прамысловых і сельскагаспадарчых машын і абсталявання; краны, пад’ёмнікі, бульдозеры; станкі; акумулятары і батарэі; фота-, відэа-і аўдыёапаратуру; апаратуру вяшчання, навігацыі, лакацыі і дыстанцыйнага кіравання, што працуе з радыёхвалямі; розную электратэхніку, схемы і кампаненты; чыгуначныя лакаматывы і вагоны; аўтамабілі, шасі, кузавы і прычэпы; аэрастаты, дырыжаблі, беспілотнікі; плывучыя судны; вымяральныя прыборы ды інш.

Дзеянне дакумента не распаўсюджваецца на сертыфікаваныя тавары ці тавары, якія суправаджаюцца актам экспертызы паходжання, які пацвярджае іх беларускае ці расійскае паходжанне.

Нормы пастановы таксама не тычацца прадукцыі, якая перамяшчаецца суб’ектамі РФ транзітам праз тэрыторыю Беларусі, што вывозіцца ў адпаведнасці з дагаворамі Саюзнай дзяржавы.

Дзейнічаюць і іншыя выключэнні. Дзейнічаюць і іншыя выключэнні. У асобных выпадках тавары можна вывозіць на падставе ліцэнзій або прапускаў на вываз аб’ектаў экспартнага кантролю (спецыфічных тавараў). У новай пастанове з’явіўся дадатковы пункт, згодна з якім свабодны вываз магчымы таксама ў выпадках, калі заканадаўствам аб экспартным кантролі выдача ліцэнзій на тую ці іншую прадукцыю не прадугледжаная.

Упершыню шасцімесячная забарона была ўведзеная ў сакавіку 2022 года — неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, у якой рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымаў дзеянні Уладзіміра Пуціна, а заходнія краіны пачалі ўводзіць супраць Мінска і Масквы санкцыі. Беларускія ўлады аргументавалі сваё рашэнне “абаронай эканамічных інтарэсаў”.

Урад вярнуў забарону 21 сакавіка 2023 года і з тае пары рэгулярна падаўжаў яе дзеянне — 20 верасня 2023 года, 22 сакавіка і 20 верасня 2024-га, 21 сакавіка і 18 верасня 2025-га, і цяпер — 19 сакавіка 2026-га.

Падзяліцца: