Мінск 13:19

Улады Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцей падвысілі кошт праезду ў грамадскім транспарце

Ілюстрацыйнае фота: brestcity.com

24 сакавіка, Позірк. Кошт адной паездкі ў гарадскім транспарце звычайных і хуткасных маршрутаў у Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцях павялічаны на 15 капеек, вынікае з рашэнняў аблвыканкамаў (прынятыя 19, 19, 18 і 16 сакавіка адпаведна).

Згодна з дакументамі мясцовых уладаў, апублікаванымі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 24 сакавіка, цана прадаплочанага квітка на аўтобусы, тралейбусы (дзе маюцца — трамваі) цяпер складае 1,05 рубля, набытага ў кіроўцы — 1,1 рубля.

Максімальны кошт праезду на экспрэсных маршрутах у аўтобусах масай больш за 5 т — 1,15 рублёў (менш за 5 т — перавозчык вызначае тарыф на аснове выдаткаў і рэнтабельнасці).

Кошт прыгарадных зносін за 1 кіламетр праезду на звычайных маршрутах цяпер складае 14 капеек, хуткасных маршрутах і дадатковых рэйсах — 16 капеек, экспрэсных — 17 капеек.

Варта адзначыць, што ў рэестр нарматыўных актаў унесеныя, але пакуль не апублікаваныя рашэнні Гродзенскага і Магілёўскага аблвыканкамаў пра тарыфы на гарадскія і прыгарадныя перавозкі. Вялікая верагоднасць, што гэтыя дакументы мяняюць кошт праезду аналагічным чынам.

На мінулым тыдні стала вядома, што 27 сакавіка кошт праезду ў грамадскім транспарце Мінска вырасце на 15 капеек — да 1,1 рубля ў аўтобусах, тралейбусах і трамваях, да 1,15 рубля — у метро.

Падзяліцца: