Мінск 13:18

У Брэсцкай вобласці 24 сакавіка пройдзе шостая ад пачатку года праверка сістэмы апавяшчэння

Ілюстрацыйнае фота: news9.com

24 сакавіка, Позірк. У Брэсцкай вобласці 24 сакавіка пройдзе шостая ад пачатку года “планавая тэхнічная праверка” сістэмы апавяшчэння насельніцтва, вынікае з інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У рамках праверкі, што намечаная на 12:00–13:00, “будуць уключацца электрасірэны”. МНС зноў заклікала грамадзянаў захоўваць спакой, нагадаўшы, што ніякіх дзеянняў рабіць не трэба.

Папярэднія праверкі ў рэгіёне, што мяжуе з Украінай і Польшчай, праводзіліся 13 і 27 студзеня, 10 і 24 лютага, 10 сакавіка.

Праведзены “Позіркам” аналіз інфармацыі на рэсурсах МНС паказаў, што ў 2025 годзе сістэма апавяшчэння ў Брэсцкай вобласці правяралася не менш як 20 разоў, Гомельскай — 8, Мінскай — 4, Гродзенскай — 3 (адзін раз — у межах Лідскага раёна), Віцебскай — 2, Магілёўскай — 2 (адзін раз — толькі ў абласным цэнтры).

Летась 13 сакавіка планавая праверка сістэмы апавяшчэння прайшла па ўсёй Беларусі.

У Беларусі зафіксавана некалькі выпадкаў падзення дронаў на будынкі (у тым ліку ў Мінску), аднак інфармацыі пра тое, што пры гэтым актывавалася сістэма апавяшчэння, няма.

20 лютага 2026 года камандуючы ВПС і войскамі СПА Андрэй Лук’яновіч заявіў, што беларускія вайскоўцы рэгулярна выкарыстоўваюць авіяцыю і зенітныя ракетныя комплексы для знішчэння беспілотнікаў, якія залятаюць у Беларусь.

За 2025 год у Беларусі размінавана каля 520 дронаў, кожны трэці — баявы, заявіў 18 сакавіка ў інтэрв’ю прэс-службе Унутраных войскаў (УВ) МУС намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы УВ Мікалай Карпенкаў. Пра паходжанне дронаў ён не паведаміў.

Уначы 23 сакавіка жыхары Магілёва, Мінска і раёна, а пазней Гродна паведамлялі пра гукі, падобныя да дрону, які ляцеў над дамамі. Афіцыйных каментарыяў ад уладаў не паступала. У 4:04 паводле мінскага часу камера відэаназірання зафіксавала выбух дрона на лёдзе возера ў Варэнскім раёне Літвы, які мяжуе з Гродзенскай вобласцю.

Ад пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны праверкі сістэм апавяшчэння сістэматычна праходзяць, напрыклад, у Літве, Польшчы, Чэхіі. Для гэтага выкарыстоўваюцца рэпрадуктары на вуліцах, праз якія перадаецца паведамленне і гучыць сірэна.

Падзяліцца: