Мінск 14:35

Ціханоўская: Свабодная Беларусь — ключ да рэгіянальнай бяспекі

Архіўнае фота: "Позірк"

24 сакавіка, Позірк. Свабодная Беларусь — ключ да рэгіянальнай бяспекі, падкрэсліла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, каментуючы заяву ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага пра тое, што Расія “мае намер і надалей выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для ўдараў беспілотнікамі па Украіне”.

“Пакуль дыктатар застаецца ва ўладзе, такія пагрозы будуць захоўвацца. Беларусы адрынаюць гэтую вайну і падтрымліваюць Украіну”, — адзначыла палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Пра тое, што РФ плануе разгарнуць у тым ліку на беларускай тэрыторыі чатыры наземныя станцыі кіравання беспілотнікамі далёкага дзеяння, Зяленскі заявіў 23 сакавіка па выніках сустрэчы з кіраўніком Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Алегам Івашчанкам. “Будзем рэагаваць адпаведна”, — папярэдзіў ён.

Ацэньваючы гэтую інфармацыю, амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) выказаў меркаванне, што Расія, імаверна, працягне развіваць свае вайсковыя магчымасці на беларускай тэрыторыі для “падтрымкі ваенных аперацый ва Украіне”, а таксама “стварэння ўмоў для выкарыстання Беларусі ў магчымай будучай вайне з НАТО”.

26 снежня 2025 года Зяленскі заявіў, што Расія выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі для “абыходу ўкраінскай сістэмы перахопу” і нанясення ўдараў дронамі “Шахед”. Са спасылкай на даныя выведкі ён паведаміў, што “ў прыгранічных населеных пунктах Беларусі на дахах звычайных жылых пяціпавярховых дамоў размешчаныя антэны ды іншае абсталяванне”. Гэта абсталяванне, паводле яго слоў, выкарыстоўваецца для “навядзення і кіравання ўдарамі дронаў па аб’ектах у заходніх рэгіёнах Украіны”.

Раней кіраўнік украінскай дзяржавы заявіў, што Беларусь садзейнічае расійскім ударам па чыгунцы ў заходняй частцы Украіны.

Сёлета 18 лютага Зяленскі паведаміў пра ўвядзенне санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі. Прэзідэнт Украіны заявіў, што Кіеў “актывізуе супрацьдзеянне ўсім формам садзейнічання” Лукашэнку “забойствам украінцаў” і будзе “працаваць з партнёрамі так, каб гэта мела глабальны эфект”.

27 лютага міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў заявіў пра ліквідацыю сістэмы сувязі, якая дапамагала расійскім БПЛА залятаць у краіну з Беларусі. Дарадца міністра Сяргей Бяскрэстнаў адзначыў, што згаданая сетка “працуе так, што ўсе яе ўдзельнікі з’яўляюцца рэтранслятарамі адзін для аднаго”.

24 лютага 2022 года РФ пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: