Мінск 16:38

ФСБ РФ заявіла аб прадухіленні тэрактаў, выбухоўку для якіх даставілі з Польшчы транзітам праз Беларусь

Ілюстрацыйнае фота: svstudioart / freepik.com

24 сакавіка, Позірк. Федэральная служба бяспекі (ФСБ) Расіі 24 сакавіка заявіла аб прадухіленні серыі “рэзанансных тэрактаў” з выкарыстаннем самаробных выбухных прыладаў і беспілотнікаў, якія ўкраінскія спецслужбы нібыта планавалі здзейсніць у дачыненні да расійскіх вайскоўцаў.

Паводле сцвярджэння ведамства, у Маскве затрыманы замежнік (1994 г.н.), які “быў задзейнічаны ў арганізаваным спецслужбамі Украіны” кантрабандным канале пастаўкі на тэрыторыю РФ “сродкаў паражэння з Польшчы транзітам праз Рэспубліку Беларусь”.

Мужчына, як заяўлена, “на падставе задання куратара” атрымаў у адной з маскоўскіх транспартна-лагістычных кампаній “пасылку з 504 самаробнымі выбухнымі прыладамі, закамуфляванымі пад вусцілкі для абутку з падагрэвам”. Гэтыя прадметы ў далейшым, як сцвярджаецца, мусілі накіраваць пад выглядам гуманітарнай дапамогі “ў вайсковыя часці ў зону ваенных дзеянняў”.

Паведамляецца таксама, што “сарваная спроба ўкраінскіх спецслужбаў набыць на адным з прадпрыемстваў Масквы беспілотныя лятучыя апараты”.

ФСБ не паведамляе, як патэнцыйная зброя патрапіла з Польшчы ў Беларусь. Цяпер паміж краінамі існуе строгі памежны і мытны кантроль. Мяжа Беларусі і Расіі такога кантролю не мае.

Падзяліцца: