Мінск 21:08

Па ўсёй Беларусі праходзіць праверка сістэмы апавяшчэння

Ілюстрацыйнае фота: news9.com

26 сакавіка, Позірк. 26 сакавіка ў Беларусі праводзіцца штогадовая рэспубліканская праверка аўтаматызаванай сістэмы цэнтралізаванага апавяшчэння (АСЦА), паведамляюць дзяржСМІ са спасылкай на Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Анансавана, што на працягу дня ў эфіры FM-радыёстанцый будзе транслявацца спецыяльнае паведамленне: “Увага! Праводзіцца тэхнічная праверка сістэмы апавяшчэння. Тэхнічная праверка завершаная”.

“Паралельна спецыялісты правяраюць працу электрасірэн, сістэм гучнай сувязі, магчымасці перахопу сігналаў тэлевяшчання і запуску бягучага радка на рэспубліканскіх каналах”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падкрэсліваецца, што сістэма, якая правяраецца, прызначана для таго, каб “у выпадку рэальнай прыроднай або тэхнагеннай пагрозы аператыўна папярэдзіць насельніцтва, органы кіравання і сілы Дзяржпраграмы папярэджання і ліквідацыі НС”.

АСЦА дазваляе перадаваць сігнал “Увага ўсім!” праз сірэны, а таксама даводзіць да людзей канкрэтную інфармацыю аб здарэнні, правілах паводзін і ходзе ліквідацыі наступстваў.

Сярод задзейнічаных структур называюцца Белтэлерадыёкампанія, Другі нацыянальны тэлеканал (АНТ), Сталічнае тэлебачанне (СТБ), а таксама аператары электрасувязі, якія забяспечваюць смс-рассылку.

Адзначаецца, што тэхнічная праверка ў маштабах усёй краіны праводзіцца раз на год і не звязаная з “якімі-небудзь пазаштатнымі сітуацыямі”.

Акрамя агульнарэспубліканскіх мерапрыемстваў, у гэты ж дзень пройдуць лакальныя праверкі сістэм апавяшчэння ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях, вынікае з паведамленняў МНС.

Ведамства просіць насельніцтва паставіцца да іх “з разуменнем”.

У Брэсцкай вобласці 24 сакавіка прайшла шостая з пачатку года праверка сістэмы апавяшчэння.

Праведзены “Позіркам” аналіз інфармацыі на рэсурсах МНС паказаў, што ў 2025 годзе сістэма апавяшчэння ў Брэсцкай вобласці правяралася не менш за 20 разоў, Гомельскай — 8, Мінскай — 4, Гродзенскай — 3 (адзін раз — у межах Лідскага раёна), Віцебскай — 2, Магілёўскай — 2 (адзін раз — толькі ў абласным цэнтры).

13 сакавіка мінулага года планавая праверка сістэмы апавяшчэння прайшла па ўсёй Беларусі.

У Беларусі фіксуюцца выпадкі падзення дронаў (у тым ліку ў Мінску), аднак інфармацыі пра тое, што пры гэтым актывавалася сістэма апавяшчэння, няма.

20 лютага 2026 года камандуючы ВПС і войскамі СПА Андрэй Лук’яновіч заявіў, што беларускія вайскоўцы рэгулярна ўжываюць авіяцыю і зенітныя ракетныя комплексы для знішчэння беспілотнікаў, якія залятаюць у Беларусь.

За 2025 год у Беларусі размініравана каля 520 дронаў, кожны трэці — баявы, заявіў 18 сакавіка ў інтэрв’ю прэс-службе ўнутраных войскаў (УВ) МУС намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы УВ Мікалай Карпянкоў. Пра паходжанне дронаў ён не паведаміў.

Ноччу 23 сакавіка жыхары Магілёва, Мінска і раёна, а пазней Гродна паведамлялі аб гуках, падобных на дрон, які ляціць над дамамі. Афіцыйных каментарыяў ад уладаў не паступала. У 4:04 па мінскім часе камера відэаназірання зафіксавала выбух дрона на лёдзе возера ў Варэнскім раёне Літвы, які мяжуе з Гродзенскай вобласцю.

З пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны праверкі сістэм апавяшчэння сістэматычна праходзяць, напрыклад, у Літве, Польшчы, Чэхіі. Для гэтага выкарыстоўваюцца рэпрадуктары на вуліцах, праз якія перадаецца паведамленне і гучыць сірэна.

Падзяліцца: