Урад працягнуў забарону на ўвоз асобных тавараў праз беларуска-літоўскую мяжу
30 сакавіка, Позірк. Да 31 снежня 2027 года падоўжаная забарона на ўвоз асобных тавараў праз беларуска-літоўскі ўчастак дзяржмяжы, паведамляе прэс-служба ўрада.
Адпаведную пастанову 30 сакавіка падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.
Папярэдні раз забарона прадаўжалася да 1 красавіка 2026-га. Новы тэрмін яе дзеяння стане пятым і самым доўгім. Раней забарона падаўжалася на паўгода.
Пералік тавараў, у дачыненні да якіх уведзеная забарона на ўвоз, застаецца нязменным, адзначаецца ў рэлізе.
Таксама заяўляецца, што ў сувязі з адкрыццём Польшчай пунктаў пропуску Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца) і Кузніца Беластоцкая (Брузгі) і аднаўленнем руху на гэтых участках зарэгістраваных у краінах ЕС грузавых аўтамабіляў уносяцца змены ў пастанову Савета міністраў ад 31 кастрычніка 2025 года № 599. Дакумент дапоўнены пералікам “месцаў для запраўкі транспартных сродкаў, якія адпавядаюць аўтадарожным пунктам пропуску”.
Забарона на імпарт асобных тавараў з Літвы ўведзена пастановай Савета міністраў № 182 ад 14 сакавіка 2024 года. Яна тычыцца “малака і вяршкоў згушчаных, садавіны і арэхаў, кавы, сокаў фруктовых, вод, воцату, калгот, панчох, гольфаў, шкарпэтак і іншых панчошна-шкарпэткавых вырабаў, асобных будаўнічых вырабаў, халадзільнікаў і маразільнікаў” літоўскай вытворчасці.
Акрамя таго, праз пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы забаронена перавозіць “вады, піва, віны, сусла вінаграднае, вермуты, іншыя напоі зброджаныя, спірт этылавы, воцат, шыны і пакрышкі пнеўматычныя гумовыя, адзенне і іншыя вырабы, якія былі ва ўжыванні, а таксама былыя ва ўжыванні часткі і прыналежнасці транспартных сродкаў”. Краіна паходжання значэння не мае.
Пункты пропуску Баброўнікі і Кузніца Беластоцкая аднавілі працу ў ноч на 17 лістапада 2025 года.
Пункт Баброўнікі Польшча закрыла ў лютым 2023 года пасля прысуду актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі, журналісту Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі), Кузніцу — у лістападзе 2021 года праз міграцыйны крызіс.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваТэмпы міграцыйнага прыросту насельніцтва Беларусі за апошнія шэсць гадоў знізіліся больш чым на трацінуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваНатуральнае змяншэнне насельніцтва ў 2025 годзе было ў 1,9 раза больш, чым у 1995-м — першым поўным годзе кіравання Лукашэнкі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


