Мінск 02:14

Мінэнерга дала справаздачу аб аднаўленні энергазабеспячэння ўсіх населеных пунктаў, але больш за 40 спажыўцоў яшчэ без святла

Фота: "Брэстэнерга"

23 жніўня, Позірк. Да 22 гадзін 22 хвілін 23 жніўня электразабеспячэнне ўсіх населеных пунктаў Беларусі адноўлена, паведаміла Міністэрства энергетыкі.

У той жа час усё яшчэ задзейнічаныя дзве дызель-генератарныя ўстаноўкі замест стацыянарнай сеткі і “вядзецца адпрацоўка 41 заяўкі спажыўцоў у сетках 0,4 кВ”. Гаворка ідзе пра лініі электраперадачы нізкага напружання (380-400 вольт), якія перадаюць ток ад трансфарматарных падстанцый да будынкаў.

Паводле інфармацыі Мінэнерга, за час непагадзі парушэнне электразабеспячэння фіксавалася “больш чым у 889 населеных пунктах”. Для ліквідацыі наступстваў стыхіі было задзейнічана “каля 397 аварыйных брыгад”, 471 адзінка тэхнікі, 52 дызель-генератарныя ўстаноўкі.

Непагадзь прынёс актыўны цыклон “Прыска”. Паводле даных МНС, ад паваленых дрэў пацярпела двое дзяцей (хлопчыкі 2014 і 2016 г.н. у Нясвіжскім і Мінскім раёнах).

Усяго зафіксавана падзенне 488 дрэў. Пашкоджана 15 аўтамабіляў і дахі 14 жылых дамоў, сельскагаспадарчых і адміністрацыйных будынкаў.

Падзяліцца: