Мінск 13:59

На снежаньскім пасяджэнні УНС упершыню абяруць старшыню і членаў Цэнтрвыбаркама

Ілюстрацыйнае фота: Element5 Digital / unsplash.com

24 лістапада, Позірк. Пра абранне старшыні і членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі на будучым пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу (УНС) заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 лістапада ў Мінску на сустрэчы прэзідыума гэтага органа.

“Для УНС 2026-ы — год юбілейны. Мы з вамі маем зацвердзіць праект парадку дня гэтага пасяджэння, — цытуе палітыка яго прэс-служба. — Як і летась, на сходзе будзе традыцыйна агучанае пасланне прэзідэнта беларускаму народу і парламенту. Таксама разгледзім кадравыя пытанні Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў. Акрамя таго, упершыню на пасяджэнні УНС належыць абраць старшыню і членаў нашай Цэнтральнай выбарчай камісіі”.

Паведамляецца, што яшчэ адным пытаннем парадку дня стане даклад прэм’ер-міністра пра ход выканання сёлета праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады.

Як паведамляў “Позірк”, трэцяе пасяджэнне VII УНС пройдзе 17–18 снежня ў Мінску.

Цэнтрвыбаркам са снежня 2021 года ўзначальвае былы міністр адукацыі, экс-кіраўнік Камуністычнай партыі Беларусі Ігар Карпенка. На гэтай пасадзе ён змяніў Лідзію Ярмошыну, якая кіравала ЦВК з 1996 года.

Пры Ярмошынай прайшлі, у прыватнасці, прэзідэнцкія выбары 9 жніўня 2020 года, на якіх, паводле сцвярджэння ЦВК, Лукашэнка атрымаў 80,1% галасоў. Нязгода значнай часткі грамадства з абвешчанымі вынікамі прывяла да масавых пратэстаў, здушаных уладамі. Еўрасаюз і шэраг краін не прызналі вынікаў галасавання.

Пры Карпенку былі праведзеныя канстытуцыйны рэферэндум 2022 года, выбары дэпутатаў усіх узроўняў у межах адзінага дня галасавання 25 лютага 2024 года і прэзідэнцкая кампанія 2025 года.

На электаральнай працэдуры 26 студзеня 2025 года, якую афіцыйны Мінск лічыць прэзідэнцкімі выбарамі, за Лукашэнку, паводле сцвярджэння ЦВК, прагаласавала 86,82% выбаршчыкаў.

Пра адмову прызнаць вынікі гэтай кампаніі заявілі Еўрасаюз, Вялікабрытанія, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя ды іншыя. З падаўжэннем уладных паўнамоцтваў Лукашэнку павіншавалі, у прыватнасці, кіраўнікі Расіі, Кітая, шэрагу постсавецкіх ды іншых дзяржаў.

З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі ніводнай выбарчай кампаніі ў Беларусі празрыстай і адпаведнай стандартам АБСЕ.

УНС, які склікаецца з ініцыятывы Лукашэнкі з 1996 года, атрымаў канстытуцыйны статус па выніках рэферэндуму 27 лютага 2022 года, не прызнанага дэмакратычнымі краінамі. У красавіку 2024 года старшынёй УНС практычна аднагалосна абраны Аляксандр Лукашэнка.

Згодна з абноўленай рэдакцыяй Канстытуцыі, УНС з’яўляецца найвышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя. Максімальная колькасць дэлегатаў складае 1,2 тыс., тэрмін іх паўнамоцтваў — пяць гадоў.

Сярод паўнамоцтваў УНС — зацвярджэнне асноўных кірункаў унутранай і знешняй палітыкі, ваеннай дактрыны, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця, абранне кіраўніцтва і членаў ЦВК, разгляд пытання пра легітымнасць выбараў.

Другое пасяджэнне VII УНС адбылося 18–19 снежня 2025 года.

Падзяліцца: