Мінск 09:12

Праваабаронцы “Вясны” абмеркавалі са спецдакладчыкам ААН сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі

Спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс
Архіўнае фота: "Позірк"

24 лістапада, Позірк. Сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі абмеркавалі са спецдакладчыкам ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілсам Муйжніексам 23 лістапада ў Варшаве праваабаронцы цэнтра “Вясня” Валянцін Стэфановіч і Святлана Галаўнёва.

Паводле інфармацыі арганізацыі, асноўнай тэмай размовы стала існая сітуацыя з правамі чалавека ў краіне і змены ў характары пераследу. Праваабаронцы звярнулі ўвагу на транснацыянальныя рэпрэсіі, а таксама на тое, што ціск унутры Беларусі становіцца больш схаваным.

Асобна бакі абмеркавалі становішча палітвязняў, у тым ліку зняволеных членаў і валанцёраў “Вясны”. “Мы [таксама] абмяркоўвалі тое, што можа зрабіць спецдакладчык для вырашэння гэтага пытання, каб паспрыяць вызваленню палітвязняў і агульнаму спыненню рэпрэсій у краіне”, — заявіла Галаўнёва.

Яшчэ адной тэмай стала беларускае “экстрэмісцкае” заканадаўства. Прадстаўнікі “Вясны” патлумачылі, “як працуюць адпаведныя спісы і як іх прымяненне ўплывае на розныя групы грамадства, у тым ліку на дзяцей”. Суразмоўцы абмеркавалі “магчымыя канкрэтныя запыты і патрабаванні” да беларускіх уладаў адносна змен у гэтай сферы.

Паводле слоў Стэфановіча, праваабаронцы адзначылі важнасць мандата спецдакладчыка ААН ды іншых міжнародных інструментаў ва ўмовах крызісу правоў чалавека ў Беларусі.

“У сакавіку [2027 года] ў Савеце па правах чалавека ААН адбудуцца слуханні і будзе прымацца рэзалюцыя па Беларусі. Таму ў гэтым кантэксце таксама важна падзяліцца меркаваннямі аб бягучай сітуацыі ў краіне”, — дадаў Стэфановіч.

Муйжніекс займае пасаду спецдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі з 1 лістапада 2024 года. У сакавіку 2026 года СПЧ ААН падоўжыў яго мандат да ліпеня 2027-га.

У чэрвені 2026 года спецдакладчык заклікаў беларускія ўлады спыніць пераслед за ажыццяўленне грамадзянскіх і палітычных правоў, вызваліць усіх людзей, зняволеных па палітычна матываваных абвінавачаннях, а таксама адмяніць шэраг палажэнняў антыэкстрэмісцкага заканадаўства. Ён таксама рэкамендаваў скасаваць артыкул 411 Крымінальнага кодэкса, які выкарыстоўваецца для падаўжэння тэрмінаў зняволення.

26 кастрычніка на пасяджэнні Трэцяга камітэта Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку Муйжніекс заявіў пра пагаршэнне агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Ён адзначыў, што палітычныя рэпрэсіі ўсё больш пераплятаюцца з гендарнай дыскрымінацыяй, і заклікаў вызваліць і рэабілітаваць жанчын, пазбаўленых волі за ажыццяўленне сваіх правоў.

Падзяліцца: