Мінск 08:17

Кучынскі ў Берліне прапанаваў стварыць у ПА НАТО групу “За дэмакратычную Беларусь”

24 лістапада, Позірк. Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі ўзяў удзел у мерапрыемствах 72-й сесіі Парламенцкай асамблеі НАТО ў Берліне, паведамляе прэс-служба лідара дэмакратычных сіл.

Сесія прайшла 22–23 лістапада. Кучынскі працаваў як назіральнік.

На палях сесіі ён сустрэўся з прэзідэнтам Асамблеі Маркушам Перэстрэлу, які завяршыў мандат, амерыканскім кангрэсменам Брэнданам Бойлам, парламентарыямі Вялікабрытаніі, Польшчы, Германіі, Італіі і Венгрыі.

“Асобна абмеркавалі мілітарызацыю Беларусі і выкарыстанне яе тэрыторыі Расіяй для агрэсіі супраць Украіны. Кучынскі прапанаваў наладзіць сістэмнае супрацоўніцтва BelPol з парламентарыямі, якія займаюцца абаронай і нацыянальнай бяспекай, каб яны мелі актуальныя звесткі пра сітуацыю ў краіне”, — гаворыцца ў рэлізе.

“Адной з галоўных ініцыятыў” дэмсіл на 2027 год названа стварэнне ў ПА НАТО нефармальнай міжфракцыйнай парламенцкай групы “За дэмакратычную Беларусь” па прыкладзе падобнай групы ў ПА АБСЕ.

Таксама Кучынскі сустрэўся з прэзідэнтам Паўночнага савета Віле Вяюруненам і прапанаваў падрыхтаваць у Стакгольме стратэгічную канферэнцыю з удзелам беларускіх дэмсіл.

“Беларусь павінна заставацца часткай усіх размоў пра еўрапейскую бяспеку. Мы хочам, каб нашы партнёры мелі як мага больш дакладнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ўнутры краіны, і разумелі: дэмакратычная Беларусь — гэта не пагроза, а будучы партнёр у забеспячэнні міру і стабільнасці ў нашым рэгіёне”, — заявіў дарадца па выніках сустрэч.

Падзяліцца: