Мінск 13:53

Смяротная аварыя ў Горацкім раёне — загінуў 76-гадовы кіроўца

Відэа: УУС Магілёўскага аблвыканкама / стоп-кадр: "Позірк"

24 лістапада, Позірк. 76-гадовы кіроўца аўтамабіля “Рэно” загінуў у выніку аварыі на трасе Р-15 (Крычаў — Орша — Лепель) у Горацкім раёне, паведамляе УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Паводле папярэдняй інфармацыі, 24 лістапада каля 10:20 24-гадовы кіроўца аўтамабіля “Таёта” здзяйсняў абгон. Не пераканаўшыся ў бяспечнасці манеўру, ён выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з “Рэно”. Кіроўца “Рэно” загінуў на месцы ад атрыманых траўмаў.

7 верасня ў Аршанскім раёне (Віцебская вобласць) 26-гадовая кіроўца “Сітраэна” пры абгоне не дала рады кіраванню — аўтамабіль занесла і выкінула ў кювет. Жанчына загінула.

20 траўня ў Гродзенскім раёне 32-гадовы кіроўца “Пежо”, здзяйсняючы абгон, выехаў на сустрэчную паласу і лоб у лоб сутыкнуўся з аўтамабілем “Мазда”. У выніку ДТЗ загінула два чалавекі — аднагадовае дзіця, якое знаходзілася ў “Пежо”, і 71-гадовая пасажырка “Мазды”.

У 2025 годзе колькасць дарожна-транспартных здарэнняў у Беларусі знізілася на 5,5% (з 3.453 да 3.262), паказаў праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўмаваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: