Мінск 12:17

За 11 дзён узмоцненага кантролю ДАІ зафіксавала больш за 61 тыс. правапарушэнняў

Архіўнае відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

24 лістапада, Позірк. Больш за 61 тыс. правапарушэнняў выявілі з 12 да 22 лістапада супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

За гэты час затрымана 302 нецвярозыя кіроўцы, спынена 1.220 выпадкаў кіравання транспартам кіроўцамі, якія не мелі на тое права, зафіксавана 585 парушэнняў правілаў абгону. З праезнай часткі прыбрана 936 нецвярозых пешаходаў.

Як паведамляў “Позірк”, на ўказанне кіраўніка МУС Івана Кубракова ДАІ была пераведзеная на ўзмоцнены варыянт нясення службы ў перыяд 12–22 лістапада для “стабілізацыі дарожнай абстаноўкі”. Рашэнне было прынятае ў сувязі з тым, што за папярэднія дзесяць дзён у Беларусі з віны нецвярозых кіроўцаў і асоб, якія не мелі права кіравання транспартам, здарылася 12 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх дзевяць чалавек загінула і 15 атрымала раненні.

16–27 лістапада ў Беларусі праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы па прадухіленні аварый з удзелам пасажырскіх і грузавых перавозчыкаў. Асаблівую ўвагу ДАІ надае “выкананню кіроўцамі вызначанага рэжыму працы і адпачынку”.

“Сумесна з прадстаўнікамі Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый на аўтадарогах будуць арганізаваныя рэйды для выяўлення парушэнняў парадку допуску да перавозак і кантролю за тэхнічным станам транспартных сродкаў, — гаварылася ў паведамленні. — Пры выяўленні парушэнняў вызначанага парадку працы і адпачынку, а таксама эксплуатацыі транспарту, да кіроўцаў і кіраўнікоў транспартных арганізацый будуць ужывацца самыя строгія захады рэагавання”.

МУС канстатавала, што “стомленасць, ператамленне і зніжэнне канцэнтрацыі ўвагі за стырном значна павялічваюць рызыку здзяйснення ДТЗ з трагічнымі наступствамі”.

Захады па “кардынальным узмацненні кантролю за выкананнем перавозчыкамі заканадаўства ў сферы падтрымання бяспекі дарожнага руху”, якія Дзяржаўтаінспекцыя прыме сумесна з Транспартнай інспекцыяй Мінтранса ды “іншымі зацікаўленымі ведамствамі”, начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў анансаваў 14 лістапада пасля аварыі, якая адбылася ў той дзень у Старадарожскім раёне Мінскай вобласці (мікрааўтобус сутыкнуўся з грузавіком — трое загінулых), і напярэдадні — у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці (грузавік сутыкнуўся з маршруткай, 10 пасажыраў, уключаючы траіх дзяцей, даставілі ў бальніцу).

Падзяліцца: