Мінск 11:26

Нацбанк не стаў змяняць разліковыя велічыні стандартнай рызыкі па крэдытах на снежань

Архіўнае фота: soyuz.by

24 лістапада, Позірк. Нацыянальны банк не стаў змяняць на снежань 2026 года разліковыя велічыні стандартнай рызыкі (РВСР).

Паказчыкі засталіся на ўзроўні, вызначаным на лістапад.

У параўнанні з вераснем і кастрычнікам стаўкі на лістапад для новых інвестыцыйных крэдытаў, выдадзеных юрыдычным асобам (за выключэннем ільготных), былі зніжаныя з 10,45% да 10,07% (тут і далей гадавых), для новых крэдытаў, выдадзеных юрыдычным асобам (за выключэннем ільготных, інвестыцыйных), — з 11,79% да 11,39%.

Стаўкі для новых крэдытаў фізічным асобам (за выключэннем ільготных) зменшыліся з 17,65% да 16,94%, для новых тэрміновых безадзыўных банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб у рублях з тэрмінам вяртання ад года да трох гадоў — з 12,6% да 12,17%, для новых тэрміновых безадзыўных банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб у рублях з тэрмінам вяртання больш за тры гады — з 14,5% да 14,33%.

Сістэму захадаў макрапрудэнцыйнага характару, скіраваную на абмежаванне сістэмнай рызыкі, якую генеруюць бізнес-мадэлі банкаў з падвышанай схільнасцю да рызыкі, Нацбанк увёў 1 сакавіка 2019 года.

У яе аснове ляжыць падыход, у адпаведнасці з якім да такіх банкаў ужываюцца падвышаныя рэгулятарныя патрабаванні ў галіне дастатковасці капіталу, фармавання адмысловых рэзерваў на пакрыццё магчымых стратаў і фармавання фонду абавязковых рэзерваў.

У якасці індыкатара, які паказвае на падвышаны ўзровень рызыкі бізнес-мадэляў, што рэалізуюцца банкамі, выкарыстоўваецца перавышэнне вызначаных працэнтных ставак па новых укладах, крэдытах і эмітаваных аблігацыях над адпаведнымі РВСР. У аснове алгарытму разліку індыкатара ляжаць сярэдняе арыфметычнае, а таксама мера варыяцыі працэнтных ставак, якія ўлічваюцца пры разліку.

1 чэрвеня 2026 года Нацбанк знізіў стаўку рэфінансавання з 9,75 да 9,25%.

Праведзены “Позіркам” аналіз даных рэгулятара сведчыць, што ў студзені — верасні 2026 года банкі, якія працуюць у Беларусі, выдалі фізічным асобам крэдытаў (у нацыянальнай і замежнай валютах) на 14 млрд 842,6 млн рублёў (тут і далей у эквіваленце) — на 24,1% больш, чым за тыя ж месяцы 2025-га (11 млрд 964,9 млн).

На спажывецкія патрэбы выдадзена крэдытаў на 11 млрд 535,4 млн рублёў (9 млрд 416,6 млн; +22,5% у гадавым вымярэнні), на фінансаванне нерухомасці — на 3 млрд 299,2 млн (2 млрд 253,7 млн; +29,5%).

Запазычанасць фізічных асоб па крэдытах на 1 кастрычніка 2026 года склала 33 млрд 859,2 млн рублёў (год таму — 28 млрд 800,4 млн; +17,6%): па спажывецкіх — 14 млрд 240,7 млн (11 млрд 418,4 млн; +24,7%), на фінансаванне нерухомасці — 19 млрд 593,8 млн (17 млрд 348,1 млн; +12,9%).

Пратэрмінаваная запазычанасць склала 58,4 млн рублёў (51,2 млн; +14,1%): па спажывецкіх крэдытах — 57,3 млн (50,5 млн; +13,5%), на фінансаванне нерухомасці — 1 млн (0,7 млн; +42,9%).

Запазычанасць фізічных асоб па крэдытах на 1 верасня 2026 года склала 33 млрд 87,7 млн рублёў (год таму — 28 млрд 501 млн; +16,1%), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Белстата. Пратэрмінаваная запазычанасць склала 57,3 млн рублёў (48,8 млн; +17,4%).

Падзяліцца: