Мінск 15:37

У Беларусі і РФ выяўленыя выпадкі заражэння прыладаў на Android траянам, які выкарыстоўвае ШІ

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

24 лістапада, Позірк. У Беларусі і Расіі выяўленыя выпадкі заражэння мабільных прыладаў, якія працуюць на аперацыйнай сістэме Android, шкоднасным дадаткам RatHat, паведаміла 24 лістапада расійская кампанія F6, якая спецыялізуецца на барацьбе з кіберзлачыннасцю.

У верасні 2026 года спецыялісты кампаніі зафіксавалі распаўсюд праз фішынгавыя сайты новага траяна дыстанцыйнага доступу, у якім актыўна выкарыстоўваецца мадэль штучнага інтэлекту Gemini ад Google. Як мяркуецца, RatHat створаны “кітайскамоўнымі распрацоўшчыкамі”.

У кастрычніку спецыялісты F6 выявілі каля дзесяці заражаных мабільных прыладаў у Беларусі і РФ. Звесткі ў разбіўцы па краінах не прыводзяцца.

Як адзначаюць даследчыкі, выкарыстанне ШІ дазваляе зламыснікам атакаваць карыстальнікаў амаль любых фінансавых сэрвісаў па ўсім свеце, у прыватнасці дзякуючы магчымасці адаптацыі шкоднаснага праграмнага забеспячэння да інтэрфэйсаў прыладаў на розных мовах.

Даследаваны спецыялістамі F6 узор RatHat распаўсюджваўся пад выглядам дадатка новай сацыяльнай сеткі, аднак траян можа маскавацца і пад іншыя праграмы.

Паведамляецца, што шкоднасны дадатак здольны амаль незаўважна для карыстальніка атрымліваць доступ да камеры, мікрафона, экрана мабільнай прылады, выкрадаць звесткі, якія захоўваюцца на ёй, а таксама падмяняць рэквізіты пры ажыццяўленні банкаўскіх пераводаў.

“Атакі з выкарыстаннем RatHat адкрываюць новы вектар для махлярскіх схем. Магчымасці шкоднаснага ПЗ могуць прывесці да сітуацыі поўнай страты карыстальнікам кантролю над уласнай прыладай”, — заявіў кіраўнік дэпартамента супрацьдзеяння фінансаваму махлярству F6 Дзмітрый Ермакоў.

Паводле яго слоў, зламыснікі атрымліваюць магчымасць не толькі выкрадаць персанальныя звесткі, але і супрацьдзейнічаць антывірусным праграмам і сістэмам абароны банкаўскіх дадаткаў, аж да скіду наладаў мабільнай прылады да заводскіх для ўтойвання слядоў злачынства.

У F6 адзначаюць, што ад заражэння прылады да яе выкарыстання для правядзення несанкцыянаваных грашовых аперацый можа прайсці працяглы час.

Спецыялісты рэкамендуюць не ўсталёўваць дадаткі па спасылках, атрыманых ад незнаёмцаў, а пры з’яўленні прыкмет старонняга кіравання мабільнай прыладай адключыць яе ад інтэрнэту і выняць SIM-карту.

F6 пазіцыянуе сябе як вядучага распрацоўшчыка тэхналогій для барацьбы з кіберзлачыннасцю, прадухілення і расследавання кіберзлачынстваў у Расіі і за мяжой.

Падзяліцца: