Мінск 14:10

З пачатку года ў ДТЗ загінула 16 непаўналетніх — МУС

Архіўнае фота: "Гомельскія ведамасці"

23 жніўня, Позірк. 16 непаўналетніх загінулі ў дарожна-транспартных здарэннях з пачатку 2026 года, 245 атрымалі траўмы, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што ў сувязі з пачаткам навучальнага года з 25 жніўня па 5 верасня ў Беларусі пройдзе спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага — дзеці!”, закліканае “павысіць узровень адказнасці бацькоў і кіроўцаў за бяспеку непаўналетніх на дарозе”.

У гэтыя дні, як заяўляе ведамства, у светлы час сутак кіроўцам неабходна перасоўвацца з уключанымі дзённымі хадавымі агнямі або блізкім святлом фар.

“Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі правядуць тлумачальную работу з насельніцтвам аб правілах бяспечных паводзін, асабліва пры перамяшчэнні на матацыклах, веласіпедах і сродках персанальнай мабільнасці. Таксама пракантралююць выкананне ПДР як кіроўцамі, так і пешаходамі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Асаблівая ўвага будзе нададзена выкананню правілаў перавозкі дзяцей з абавязковым выкарыстаннем утрымлівальных прылад і рамянёў бяспекі.

На 6% скарацілася ў 2025 годзе агульная колькасць дарожна-транспартных здарэнняў у Беларусі. Пра гэта паведаміў 4 студзеня начальнік Галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў.

Паводле яго, на 9% знізілася колькасць аварый з пацярпелымі, колькасць загінулых зменшылася з 434 да 417 (4%).

ДАІ паведамляла таксама, што ў 2025 годзе ў ДТЗ загінула 25 дзяцей.

Сітуацыя з гібеллю людзей у дарожна-транспартных здарэннях за 2024 год нязначна палепшылася ў параўнанні з 2023 годам, вынікае з праведзенага “Позіркам“ аналізу дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта (434 супраць 436), пры гэтым колькасць ДТЗ павялічылася (з 3.173 да 3.453, або на 8,8%).

Гл. таксама:

У ДТЗ у Рэчыцкім раёне загінулі два чалавекі, у тым ліку дзіця

У ДТЗ у Гродзенскім раёне загінулі два чалавекі, у тым ліку аднагадовае дзіця (дапоўнена)

Смяротнае ДТЗ у Светлагорскім раёне — загінулі тры чалавекі, у тым ліку 11-гадовая дзяўчынка

Лабавое ДТЗ у Астравецкім раёне — загінулі 17-гадовы хлопец і 15-гадовая дзяўчына, пяць чалавек шпіталізавана (дапоўнена)

Падзяліцца: