Мінск 18:27

Наўроцкі: Мілінкевіч стаў сімвалам мірнай барацьбы за свабоду, правы чалавека і еўрапейскую будучыню сваёй краіны

Дарадца прэзідэнта Польшчы Лешак Скіба зачытвае яго пасланне
Фота: "Позірк"

22 жніўня, Позірк. “У асобе Аляксандра Мілінкевіча мы развітваемся з навукоўцам, педагогам, дзяржаўным служачым, грамадскім дзеячам і палітыкам, які прысвяціў свае таленты і сілу характару, сфармаваную таксама яго цягай да спорту, справе свабоднай Беларусі“. Пра гэта гаворыцца ў пасланні прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага ўдзельнікам пахавання беларускага палітыка і грамадскага дзеяча.

Пасланне зачытаў у Архікафедральным касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Старым горадзе Варшавы дарадца Наўроцкага Лешак Скіба.

Мілінкевіч памёр 11 жніўня ва ўзросце 79 гадоў, пахаваны 22 жніўня на вайсковых могілках “Павонзкі“ ў польскай сталіцы.

Паводле слоў Наўроцкага, у 2006 годзе як арганізатар і ўдзельнік пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў Мілінкевіч стаў “сімвалам мірнай барацьбы за свабоду, правы чалавека і еўрапейскую будучыню сваёй краіны”.

“Ён належаў да пакалення беларускіх актывістаў і палітыкаў, якія бачылі будучыню сваёй Радзімы ў дэмакратыі, развіцці і добрых адносінах з суседзямі ў рэгіёне”, — адзначыў польскі кіраўнік.

Аўтар падкрэсліў “асаблівыя сувязі” Мілінкевіча з Польшчай: “Гэты праўнук удзельніка Студзеньскага паўстання (паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863-64 гадах. — Позірк.) вызначыўся ў пошуках парэшткаў караля Станіслава Аўгуста, апошняга кіраўніка Рэчы Паспалітай, якія праводзіліся ў царкве ў Воўчыне Гродзенскай вобласці (насамрэч Брэсцкай. — Позірк.). Ён таксама зрабіў унёсак у стварэнне польскай школы ў Гродне. Ён выступаў за добрыя стасункі паміж Беларуссю і свабоднай Польшчай і за павагу правоў палякаў — грамадзян Рэспублікі Беларусь”.

Пахаванне Аляксандра Мілінкевіча на вайсковых могілках "Павонзкі" ў Варшаве
Фота: Вераніка Л. для "Позірку"

Паводле слоў Наўроцкага, у 2022 годзе ў знак прызнання заслуг Мілінкевіч атрымаў грамадзянства Польшчы згодна з рашэннем прэзідэнта Анджэя Дуды.

Цяперашні кіраўнік дзяржавы пасмяротна ўзнагародзіў беларускага палітыка афіцэрскім крыжам ордэна “За заслугі перад Рэспублікай Польшча”.

“Я веру, што вялікая справа, якой ён прысвяціў столькі сіл і ўвагі, у канчатковым выніку пераможа — і што надыдзе дзень, калі свабодная, дэмакратычная Беларусь завядзе Аляксандру Мілінкевічу яго законнае месца ў гістарычнай памяці свайго народа”, — заявіў Наўроцкі.

Гл. таксама:

У Варшаве адбываецца развітанне з Аляксандрам Мілінкевічам

Падзяліцца: