Мінск 21:12

Луцкіна: Маё вызваленне было першым крокам беларускіх уладаў для пачатку перамоваў з ЗША аб зняцці санкцый

Ксенія Луцкіна
Відэазапіс: DW / стоп-кадр: "Позірк"

28 сакавіка, Позірк. Для пачатку перамоўнага працэсу паміж Беларуссю і ЗША першы крок насамрэч зрабіў Мінск, заявіла былая палітзняволеная Ксенія Луцкіна ў эфіры “Нямецкай хвалі“ (DW).

“Маё вызваленне — гэта спроба, гэта быў першы крок, мне пра гэта наўпрост сказалі. Гэта значыць вось, калі ласка, ты калі будзеш у [амерыканскай] амбасадзе — а цябе запросяць — скажы ім, што нам трэба зняць санкцыі з калію і з банкаў“, — сказала Луцкіна.

Паводле яе слоў, гэта было сказана прамым тэкстам. “Таму што маё вызваленне, яно абсалютна цынічнае. Быў выдатны стрэл адразу ва ўсе цэлі. То бок у мяне быў першы нумар у гуманітарным [спісе]… <…> То бок маё вызваленне — гэта першы крок беларускіх уладаў дзеля таго, каб пачаць перамоўны працэс. Гэта значыць насамрэч беларускі бок першы зрабіў гэты крок. І ўсе вызваленні, памілаванні да канца 2024 года былі накіраваныя менавіта на гэта: паглядзіце, гэта нашы добраахвотныя крокі, мы адпускаем з гуманістычных меркаванняў“, — заявіла былая палітзняволеная.

“Агулам гэта была спроба пачаць вось гэтую самую нармалізацыю. І гэта тое, што цяпер [міністр замежных спраў Максім] Рыжанкоў казаў, — працягнула Луцкіна. — Гэта значыць фактычна гэта жаданне вось гэтую нармалізацыю стварыць, таму што ж у самой сістэмы ёсць запыты і ў элітаў ёсць запыт на нармалізацыю. Іншае пытанне, што ўсе выдатна разумеюць, што гэта тупік“.

У 2020 годзе супрацоўніца дзяржаўнай Белтэлерадыёкампаніі Ксенія Луцкіна падтрымала страйк калег пасля прэзідэнцкіх выбараў, пазней звольнілася і ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу. Збіралася стварыць незалежны навінавы ютуб-канал.

22 снежня 2020 года была затрыманая і абвінавачаная ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам (арт. 357 КК). 28 верасня 2022 года асуджаная на 8 гадоў пазбаўлення волі. Датэрмінова вызваленая 20 жніўня 2024 года паводле ўказа аб памілаванні. У зняволенні ў Луцкінай была выяўленая пухліна мозгу.

На камеру дзяржтэлебачання яна заявіла: “У хадайніцтве аб памілаванні я прасіла даць мне другі шанец і магчымасць жыць нанова. Я вельмі рада, што прэзідэнт пачуў маю просьбу і што я трапіла ў спіс памілаваных. Хадайніцтва аб памілаванні — гэта, напэўна, найбольш складанае, што я пісала ў сваім жыцці. Таму што гэта трэба зразумець, прачуць і да гэтага прыйсці. Туды ўкладзена шмат эмоцый. Ты разумееш, што сваім учынкам сапсаваў не толькі сваё жыццё. І ў першую чаргу не сваё жыццё. Таму яно вымаленае і ў бога, і ў кіраўніка дзяржавы”.

На пачатку сакавіка 2025 года Луцкіна была эвакуяваная з Беларусі фондам салідарнасці BySol.

Выпускаць палітвязняў Аляксандр Лукашэнка пачаў у сярэдзіне 2024 года (прытым рэпрэсіі працягваюцца дагэтуль). 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня незалежнасці ён анансаваў вызваленне сваіх “вельмі цяжкахворых” праціўнікаў.

10 верасня 2024 года на нарадзе аб актуальных унутрыпалітычных пытаннях і падрыхтоўцы да правядзення палітычных кампаній Лукашэнка паскардзіўся, што апаненты яму не падзякавалі за рашэнні аб памілаванні: “Ну радаваліся б, падзякавалі б як мінімум. Не, яны заклапочаныя тым, каб даказаць самім сабе і там, за мяжой, што яны зрабілі вялікі ўнёсак і “прымусілі дыктатара“ прымаць падобныя рашэнні. Ніхто мяне, па-першае, прымусіць не можа. Гэта выключана. Я часта кажу журналістам і іншым: вы мяне добра ведаеце, я ніколі па ўказцы і пад ціскам не прымаў рашэнні“.

Санкцыі з “Беларуськалія“, Беларускай калійнай кампаніі, “Белінвестбанка” і Банка развіцця ЗША знялі 26 сакавіка 2026 года ў абмен на вызваленне 250 палітвязняў.

Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, якога згадала Луцкіна, 9 сакавіка 2026 года заявіў, што палітычныя эліты Еўрасаюза, нібыта бачачы неэфектыўнасць санкцый, задумваюцца аб нармалізацыі стасункаў з Беларуссю. “Мы ж бачым, маючы інфармацыю з краін Захаду, Еўрасаюза найперш, што менталітэт іх палітычных элітаў ссоўваецца ў бок пошуку шляхоў нармалізацыі стасункаў з Беларуссю. Шмат проста засталося ва ўладзе ў гэтых краінах тых людзей, якія былі архітэктарамі гэтай нястрымнай санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі і Расеі. <…> Гучаць такія заклікі: вы ў Беларусі нешта зрабіце большае, чым вы робіце <…>, каб нам захаваць твар перад нашымі выбаршчыкамі і сказаць, што Беларусь жа нешта зрабіла. Так робіцца нешта. Вы хацелі, каб нейкія людзі выйшлі на волю, якія ледзь было не прывялі да калапсу сітуацыю ў нашай краіне? Іх выпусцілі. Дзе ваша рэакцыя на гэтыя гуманітарныя крокі нашага прэзідэнта? Яе няма. Вы, кажуць, што-небудзь яшчэ. Хлопцы, так не бывае“, — заявіў Рыжанкоў у эфіры дзяржтэлеканала “Беларусь 1”.

Падзяліцца: