Мінск 21:12

Чарговы непаўнагадовы матацыкліст пацярпеў у ДТЗ — дастаўлены ў рэанімацыю ў Магілёве

29 сакавіка, Позірк. Аб дарожна-транспартным здарэнні ў Магілёве з удзелам матацыкліста паведамляе УУС мясцовага аблвыканкама.

ДТЗ адбылося 28 сакавіка каля 17:40 на скрыжаванні вуліц Фаціна і Маўчанскага. 62-гадовы жыхар Магілёўскага раёна, кіруючы аўтамабілем “Фальксваген”, пры павароце налева не даў перавагу 17-гадоваму кіроўцу матацыкла.

“У выніку сутыкнення падлетак з траўмамі дастаўлены ў рэанімацыю”, — паведамілі ва УУС.

28 сакавіка таксама паведамлялася аб гібелі 62-гадовага матацыкліста ў Валожынскім раёне (Мінская вобласць). На 10-м км аўтадарогі Ракаў — Івянец-Дзяржынава, у вёсцы Падневічы, ён сутыкнуўся з аўтамабілем “Солерс Аўто” пад кіраваннем 41-гадовага мясцовага жыхара.

Аб ДТЗ з удзелам падлетка ў Столінскім раёне (Брэсцкая вобласць) “Позірк” паведамляў 26 сакавіка.

Адзначалася, што 25-гадовы кіроўца кіраваў аўтамабілем “Вольва”, пры павароце налева не саступіў дарогу і здзейсніў сутыкненне з матацыклам “GR” пад кіраваннем 16-гадовага падлетка, які рухаўся ў сустрэчным кірунку.

У выніку аварыі матацыкліст быў дастаўлены ў медыцынскую ўстанову. У момант ДТЗ ён знаходзіўся без моташлема і не меў права кіравання транспартнымі сродкамі.

У 2025 годзе, паводле папярэдніх даных, колькасць аварый у Беларусі скарацілася на 6%, заяўляў у студзені 2026-га начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў. Паводле яго слоў, на 9% знізілася колькасць аварый з пацярпелымі, колькасць загінулых зменшылася на 17 (з 434 да 417). Пры гэтым узрасла колькасць загінулых матацыклістаў (колькасць не была названа).

Падзяліцца: