Мінск 21:08

52-гадовы ўраджэнец Віцебска загінуў у Тэль-Авіве ў выніку ўдару іранскай ракеты

Фота з сацсетак

29 сакавіка, Позірк. Пра гібель у Тэль-Авіве (Ізраіль) у ноч на 28 сакавіка 52-гадовага Вячаслава Відманта паведамляе партал vesty.co.il.

Гэта адбылося “пры выбуху касетнай ракеты з Ірана”, гаворыцца ў публікацыі.

“Вячаслаў працаваў ахоўнікам у жылым будынку, эвакуяваным у пачатку вайны пасля папярэдняга траплення іранскай ракеты. Ён ахоўваў кватэры”, — адзначае партал.

Мужчына завяршыў змену каля 22:00, але “застаўся ў раёне”.

“Падчас сірэны незадоўга да паўночы ён не знаходзіўся ў абароненым памяшканні і загінуў ад аскепкаў <…>. У муніцыпалітэце адзначылі, што ў ахоўнікаў ёсць доступ да хованак у будынках, якія яны ахоўваюць, і побач з імі, і яны праінструктаваныя выконваць указанні і заходзіць у схованку пры трывозе”, — удакладняецца ў паведамленні.

Паводле даных партала 9tv.co.il, загінулы быў ураджэнцам Віцебска. Перад рэпатрыяцыяй у Ізраіль ён скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт (Віцебская вобласць). Пражываў у Ашдодзе, знаходзіўся ў разводзе.

“Яго блізкія аб тым, што здарылася, апавешчаныя”, — паведаміла медыя.

28 лютага Ізраіль і ЗША пасля правалу перамоваў па ядзернай праграме Тэгерана пачалі ваенныя аперацыі супраць рэжыму аятол ў Іране.

Тэгеран наносіць удары ў адказ. Іранскім атакам падвяргаецца не толькі Ізраіль, але і іншыя краіны Блізкага Ўсходу.

Падзяліцца: