Мінск 12:05

У Пуціна ёсць досвед, як атакаваць з Беларусі — Зяленскі пра пагрозу краінам Балтыі ў выпадку ўсеагульнай мабілізацыі ў РФ

Уладзімір Зяленскі
Архіўны відэазапіс: suspilne.media / стоп-кадр: "Позірк"

1 красавіка, Позірк. Ва Уладзіміра Пуціна ёсць досвед уварвання з тэрыторыі Беларусі. Такую заяву зрабіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з журналістамі ў рамках Бучанскай канферэнцыі, якая прайшла 31 сакавіка ў Бучы (Кіеўская вобласць) у памяць аб ахвярах расійскай акупацыі ў 2022 годзе.

Зяленскі згадаў Беларусь у адказе на пытанне аб магчымай усеагульнай мабілізацыі ў РФ у сувязі з недастатковасцю кампенсацыі людскіх страт на фронце ў апошнія месяцы.

“Я лічу, што ў іх ёсць пытанне, гэтае пытанне праблемнае. <…> Я б не спяшаўся казаць, што яны насамрэч будуць рабіць агульную мабілізацыю. Чаму? <…> У мяне няма пакуль што інфармацыі, мы разумеем, што такія сігналы былі, але пацверджання гэтай інфармацыі няма, таму я не ўпэўнены, што ў іх цяпер ёсць намер найбліжэйшым часам гэта зрабіць, хоць зноў-такі няма поўнай інфармацыі“, — сказаў Зяленскі.

“На мой погляд, калі Расія рыхтуецца да ўсеагульнай мабілізацыі, мы з вамі павінныя рыхтавацца да таго, што для ўсеагульнай мабілізацыі яму мала будзе толькі Украіны, — адзначыў прэзідэнт. — Я не ведаю ўсёй інфармацыі, але з аналізу мы разумеем, што, калі Пуцін пойдзе на ўсеагульную мабілізацыю, гэта ўзмацненне ціску на тэрыторыю нашай дзяржавы і магчымасць пры падрыхтоўцы адкрыцця паралельнага “трэка“.

“Мы заўсёды кажам, што гэта можа быць Літва, Латвія, Эстонія. Мы не ведаем, хто. Я думаю, што ў яго, у прынцыпе, ёсць досвед, як атакаваць з Беларусі, як пачынаць уварванне з тэрыторыі Беларусі“, — заявіў Зяленскі.

Расія абвясціла частковую мабілізацыю ў верасні 2022 года. Гэта выклікала масавую эміграцыю мужчынскага насельніцтва. Цяпер на вайну супраць Украіны набіраюць на кантрактнай аснове. Расійскія праваабаронцы і незалежныя СМІ паведамляюць пра масавы прымус падпісваць кантракты.

Падзяліцца: