Мінск 13:45

Афіцыйны Мінск хоча актывізаваць дыпламатычныя кантакты і эканамічную супрацу з Калумбіяй

Багата — сталіца Калумбіі
Ілюстрацыйнае фота: Victor Rosario / unsplash.com

1 красавіка, Позірк. Амбасадар Дзмітрый Дзеравінскі 31 сакавіка ўручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Калумбіі Росе Ёландзе Вільявісенсіа Мапі, паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Адзначаецца, што бакі “пацвердзілі ўзаемнае імкненне да развіцця канструктыўнага міждзяржаўнага дыялогу і плённага двухбаковага ўзаемадзеяння па шэрагу перспектыўных напрамкаў з акцэнтам на гандлёва-эканамічную сферу”.

Акрамя таго, суразмоўцы “сышліся на думцы”, што неабходна актывізаваць прамыя кантакты па лініі знешнепалітычных ведамстваў, профільных міністэрстваў і арганізацый.

“Дамовіліся пра працяг сумеснай працы па пашырэнні дагаворна-прававой базы беларуска-калумбійскай супрацы”, — гаворыцца ў паведамленні.

З чэрвеня 2025 года асноўнае месца дыпламатычнай службы Дзеравінскага — Венесуэла. У жніўні таго ж года ён стаў амбасадарам у Балівіі па сумяшчальніцтве, у кастрычніку — дадаткова ў Калумбіі, Панаме і Эквадоры.

Даныя пра двухбаковы гандаль на сайце амбасады Беларусі ў Калумбіі пасля 2021 года не абнаўляліся.

Паводле інфармацыі Абсерваторыі эканамічнай складанасці, якая акумулюе даныя міжнародных арганізацый пра сусветны знешні гандаль, узаемны тавараабарот паміж Мінскам і Багатой у 2024 годзе склаў 2 млн 251 тыс. долараў (беларускі экспарт — 551 тыс., калумбійскія пастаўкі — 1,7 млн).

Падзяліцца: