Мінск 16:49

Беларусь і РФ “засталіся на траекторыі эканамічнага росту” дзякуючы інтэграцыі, сцвярджае расійскі амбасадар Грызлоў

Амбасадар РФ у Беларусі Барыс Грызлоў
Архіўнае відэа ў тэлеграм-канале амбасады РФ у Беларусі / стоп-кадр: "Позірк"

2 красавіка, Позірк. Дзякуючы прынятым у лістападзе 2021 года рашэнням Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы (СД) Мінск і Масква “не проста вытрымалі санкцыйны ўдар з боку калектыўнага Захаду, але засталіся на траекторыі эканамічнага росту і працягнулі актыўна развівацца ў колькасным і якасным вымярэнні”, сцвярджае амбасадар РФ у Беларусі Барыс Грызлоў.

У інтэрв’ю “РИА Новости”, прымеркаванаму да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі (2 красавіка), дыпламат выказаў меркаванне, што эканамічнаму росту дзвюх краін садзейнічалі, у прыватнасці, зацверджаныя тады Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным ваенная дактрына, канцэпцыя міграцыйнай палітыкі, Асноўныя напрамкі рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб СД на 2021–2023 гады і 28 галіновых саюзных праграм.

“Яны не проста надалі новы імпульс працэсам збліжэння, але ўдыхнулі новае жыццё ў расійска-беларускую інтэграцыю”, — заявіў Грызлоў.

Паводле яго сцвярджэння, “формула “Дзве дзяржавы — адна эканоміка”, заснаваная на “раўнапраўнай супрацы і ўзаемным уліку інтарэсаў, на практыцы даказала сваю эфектыўнасць”.

Паводле даных, якія прывёў дыпламат, двухбаковы тавараабарот павялічыўся з 38,4 млрд долараў у 2021 годзе да 52 млрд у 2025-м. “У самы няпросты для нашых краін 2022 год беларускі экспарт у Расію вырас больш як на 40%, што дазволіла кампенсаваць палову экспартных даходаў рэспублікі, упушчаных праз закрыццё заходніх рынкаў — а гэта каля 7 мільярдаў долараў”, — адзначыў прадстаўнік РФ.

Пра тое, што адной з прычын закрыцця заходніх рынкаў для Беларусі стаў той факт, што афіцыйны Мінск падтрымаў расійскую агрэсію ў дачыненні да Украіны, дыпламат не згадаў.

У сваю чаргу беларускія партнёры “моцна падтрымалі” РФ у частцы “забеспячэння бесперабойных паставак неабходнай для эканомікі Расіі прамысловай прадукцыі, напрыклад, сельскагаспадарчай, будаўнічай і камунальнай тэхнікі, а таксама грамадскага транспарту”.

“Важна разумець, што цяпер адбываецца не толькі колькаснае, але і якаснае ўмацаванне нашых эканамічных сувязей з Беларуссю. Асноўны фокус — на павелічэнні аб’ёму несыравінных паставак. У прыватнасці, па выніках 2025 года неэнергетычны экспарт з нашай краіны павялічыўся адразу на 20%”, — заявіў дыпламат.

Асобна ён адзначыў супрацу ў сферы грамадзянскага авіябудавання і атамнай энергетыкі, а таксама ўзаемадзейнічанне на ўзроўні рэгіёнаў.

Паводле слоў Грызлова, у 2021 годзе Беларусь “наведалі афіцыйныя дэлегацыі з 20 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі, з іх чатыры — на чале з губернатарамі”. “Для параўнання, у 2022 годзе ў Мінск прыбылі ўжо 37 дэлегацый з кіраўнікамі рэгіёнаў, у 2023 годзе — 38, у 2024 годзе — 49, а ў 2025 годзе — 44 рэгіянальныя місіі з Расіі на чале з губернатарамі”, — сказаў ён.

На пытанне, як ён ацэньвае “напружанасць на заходніх рубяжах Саюзнай дзяржавы” і “рэальнасць небяспекі развязвання Захадам новай вайны”, амбасадар адказаў, што “тэрыторыя Саюзнай дзяржавы — гэта адзіная абаронная прастора”.

“У нас дзейнічае рэгіянальная групоўка войскаў, расійская авіяцыя ажыццяўляе планавае патруляванне паветраных межаў Саюзнай дзяржавы, — падкрэсліў спікер. — Сучасныя расійскія абаронныя комплексы надзейна прыкрываюць нашыя агульныя заходнія рубяжы. З 2024 года ў Беларусі размешчаная расійская тактычная ядзерная зброя, а з нядаўняга часу і найноўшыя ракетныя комплексы “Арэшнік”, баявыя магчымасці якіх усім ужо вядомыя”.

Паводле яго сцвярджэння, “усё гэта ў сукупнасці — сувымерная і неабходная рэакцыя на ўсё большую пагрозу нашым агульным заходнім межам”. Пры гэтым, заявіў дыпламат, дзеянні РФ і Беларусі “носяць выключна абарончы характар”.

Грызлоў сцвярджае, што “еўрапейскія краіны адкрыта рыхтуюцца да маштабнага ваеннага канфлікту”. “Калі з іх боку будуць зробленыя агрэсіўныя ваенныя дзеянні адносна Саюзнай дзяржавы, мы адкажам імгненна і рашуча. Усе сілы і сродкі для гэтага маюцца”, — прыгразіў ён.

“Мы не хвалюемся. Мы засяроджваемся”, — заявіў напрыканцы інтэрв’ю дыпламат.

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі дагавор аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997-га — дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які набыў моц 26 студзеня 2000 года.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў далейшую падтрымку Мінска з боку Масквы з тым, як шчыльна яны будуць збліжацца.

Працэс актывізаваўся пасля таго, як Расія падтрымала Лукашэнку на хвалі поствыбарных пратэстаў 2020 года, а таксама пасля пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны ў лютым 2022-га, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Ціханоўская неаднаразова заклікала заходніх партнёраў не атаясамліваць рэжым Лукашэнкі і народ Беларусі, і каб Беларусь у канчатковым выніку “не была аддадзеная Пуціну як суцяшальны прыз”.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у сваіх аналітычных справаздачах шмат разоў заяўляў пра тое, што Масква працягвае выкарыстоўваць структуры Саюзнай дзяржавы для фактычнай анексіі Беларусі і знаходзіцца ў фінальнай стадыі гэтага працэсу.

24 лютага 2022 года РФ пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі ў студзені — лютым 2026 года знізіўся на 1,2%, паведаміў 17 сакавіка Нацыянальны статыстычны камітэт пасля першай ацэнкі паказчыка.

Паводле ацэнак Мінэканамразвіцця Расіі, ВУП краіны ў студзені — лютым 2026 года можа скараціцца на 1,8%.

Падзяліцца: