Мінск 17:09

Беларусь разам з РФ “напрацоўвае кампетэнцыі” па замене імпартных запчастак у электраэнергетыцы

Ілюстрацыйнае фота: Johannes Plenio / unsplash.com

2 красавіка, Позірк. У Беларусі нямала “пунктаў судотыку і супрацы” з Расіяй у галіне электраэнергетыкі, заявіў на Казанскім міжнародным электраэнергетычным форуме “Энергапрам” (РФ) намеснік прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч (на падставе матэрыялаў у тэлеграм-канале беларускага ўрада).

Чыноўнік згадаў рэалізацыю праектаў па імпартазамяшчэнні, засваенні “вытворчасці новай запатрабаванай наменклатуры, генеравальнага электрасеткавага абсталявання”. Таксама гэта “напрацоўка новых кампетэнцый у сэрвісным абслугоўванні абсталявання і магчымасці замены імпартных запасных частак на айчынныя, у тым ліку з прымяненнем рэінжэнірынгу”, адзначыў віцэ-прэм’ер, які раней займаў пасаду міністра энергетыкі.

Паводле слоў Каранкевіча, “маштабная сумесная праца” праведзеная “ў рамках стварэння аб’яднанага рынку электраэнергіі Саюзнай дзяржавы”.

Стварэнне гэтага рынку, сцвярджае ён, скіраванае “ў першую чаргу на збліжэнне ўмоў эканамічнай дзейнасці, стварэнне раўнапраўнага канкурэнтнага асяроддзя”, што забяспечыць “разнастайнасць цэнавых прапаноў для спажыўцоў электраэнергіі”.

На думку віцэ-прэм’ера, “безумоўнай перавагай” рынку будзе падвышэнне надзейнасці працы энергасістэм “за кошт дадатковых інвестыцый у мадэрнізацыю электрасеткавага комплексу і абнаўленне генеравальных магутнасцяў”.

“Усе гэтыя пытанні вельмі актуальныя для нашых краін, беручы да ўвагі існыя знешнія выклікі”, — падкрэсліў чыноўнік.

Каранкевіч сярод іншага адзначыў, што для прамысловых прадпрыемстваў далейшае развіццё і падвышэнне канкурэнтаздольнасці “будзе непарыўна звязанае з укараненнем робатаў і аўтаматызацыі тэхналагічных вытворчых працэсаў”. Развіццё прамысловасці, дадаў ён, “патрабуе стварэння дата-цэнтраў значнай апрацоўкі вялікага масіву даных, а для вырашэння гэтых задач спатрэбіцца і значнае павелічэнне спажывання электрычнай энергіі”.

“Таму сёння ўвагу мы надаем падвышэнню якасці кіравання электрасеткавым комплексам, стварэнню сістэм назапашвання электраэнергіі, укараненню разумных электрычных сетак, далейшай мадэрнізацыі як генеравальнага, так электрасеткавага абсталявання”, — адзначыў прадстаўнік беларускіх уладаў.

Віцэ-прэм’ер нагадаў, што на працягу бліжэйшых 5 гадоў — у адпаведнасці з дзяржпраграмай — у Беларусі плануецца пракласці і рэканструяваць больш за 18.500 тыс. км ліній электраперадачы рознага класа напружання, больш як 100 сістэмаўтваральных падстанцый.

За 2026–2030 гады плануецца павялічыць тэмпы рэканструкцыі электрасетак больш як у 1,5 раза, паведаміў 11 студзеня ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” міністр энергетыкі Дзяніс Мароз.

Паводле яго слоў, за гэты перыяд, згодна з праграмай “Устойлівая энергетыка і энергаэфектыўнасць”, прадугледжана рэканструкцыя 17.400 тыс. км электрасетак, яшчэ 1.000 км сетак будзе адрамантавана ў рамках праграмы “Камфортнае жыллё”.

“Агулам практычна 18.500 км у параўнанні з 12.600 км у папярэдняй пяцігодцы. Практычна паўтараразовы рост. Рэканструкцыя робіцца не дзеля рэканструкцыі, а <…> кропкава. Яна скіраваная на тое, каб задаволіць тых спажыўцоў, якія сёння гатовыя выкарыстоўваць электрычную энергію ў большым аб’ёме”, — сказаў ён.

Падзяліцца: