Мінск 04:52

Католікі, грэка-католікі і пратэстанты святкуюць Вялікдзень

Архіўнае фота: "Позірк"

5 красавіка, Позірк. Католікі, грэка-католікі і пратэстанты адзначаюць найстаражытнае і найважнейшае хрысціянскае свята — Уваскрэсенне Хрыста, або Вялікдзень.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў велікодным пасланні адзначыў, што “Уваскрэсенне Хрыста — <…> гэта надзея ўсяго чалавецтва і ўсяго свету”.

“Сёння мы вітаемся “Хрыстус уваскрос!” і ад кожнага хочам пачуць у адказ “Сапраўды ўваскрос”, бо такім чынам мы сведчым, што мы хрысціяне, людзі добрай волі, — падкрэсліў каталіцкі іерарх. — Хрыстус жыве і хоча каб і ты жыў. Кожны, хто дазваляе Уваскросламу Хрысту дакрануцца свайго сэрца, становіцца маладым, маладосцю Езуса Хрыста які з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага света”.

Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Ян Сергіюш (Сяргей) Гаек адзначыў, што “святая царква запрашае ўвайсці ў радасць пасхальнай перамогі Хрыста”, якую яна абвяшчае ўжо 2000 гадоў.

“Нашыя землі ўвайшлі ў круг гэтай пасхальнай радасці больш за 1000 гадоў таму. Святы Кірыла Тураўскі дзяліўся праўдай аб уваскрэсенні з народам і выказваў радасць таксама ўсёй прыроды нашай беларускай на вясну. Вясну духоўную, — сказаў ён. — Мы ў гэты святочны час далучаемся да супольнасці сведкаў і мучанікаў нашых земляў, якія з пасхальнай перамогі Хрыста чэрпалі сілу быць вернымі Крыжу і Уваскрэсенню”.

“Гэтыя дні для нас — гэта час асэнсавання, але таксама час натхнення да таго, каб мы маглі быць сведкамі сёння праз веру, надзею, любоў. Хай для ўсіх нас гэтыя святы будуць святамі міру”, — заявіў архімандрыт Гаек.

Біскуп Саюза евангельскіх хрысціян баптыстаў у Беларусі Юрый Раманчык падкрэсліў, што Вялікдзень — гэта “не проста гістарычная падзея”, якая ўзгадваецца раз на год, а краевугольны камень веры, а таксама надзея і будучыня. “Мы ведаем, што Хрыстос уваскрэс! І гэтыя веды даюць нам сілу стаяць непахісна ў нашым свеце, дзе так шмат смутку і выпрабаванняў. <…> Не дазваляйце жыццёвым цяжкасцям згасіць святло, якое запаліў у вашых сэрцах Госпад. Памятайце, што мы грамадзяне неба, а наша служэнне — тут, на зямлі Беларусі, дзе мы маем быць соллю зямлі і святлом гэтаму свету”, — адзначыў ён.

Многія вернікі і рэлігійныя дзеячы адкрыта выказваліся пра грамадска-палітычны крызіс, што ўзнік на фоне сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і жорсткасці сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных акцый, у выніку чаго рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўзмацніў кантроль за рэлігійнай сферай.

У 2023 годзе на заканадаўчым узроўні рэлігійным арганізацыям фактычна забаранілі праяўляць палітычную актыўнасць не ў фарватары ўладаў і абавязалі перарэгістравацца.

З пачатку восені 2020 года па 21 сакавіка 2026-га, згодна з данымі ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнулася 93 хрысціянскія служыцелі: каталіцкага касцёла — 37, евангельскіх цэркваў — 31, праваслаўнай царквы — 20, грэка-каталіцкай царквы — 5.

Падзяліцца: