Мінск 10:41

Мытня Беларусі не дазволіла вывезці ў РФ дзве партыі груш — у агульнай складанасці 40 т

Фота: прэс-служба ДМК

7 красавіка, Позірк. На мінулым тыдні беларускія мытнікі не дазволілі вывезці ў Расію дзве партыі груш — 40 тон коштам больш за 275 тыс. рублёў (звыш 94 тыс. долараў).

Паводле інфармацыі Дзяржаўнага мытнага камітэта, у першым выпадку грузавік “Вольва” з 20 т груш спынілі магілёўскія мытнікі. У кіроўцы не было дакументаў і сертыфікатаў, якія б пацвярджалі бяспеку прадукцыі.

“Аналагічнае парушэнне зафіксавалі і супрацоўнікі Віцебскай мытні. <…> 20 тон садавіны перамяшчалі ў абыход заканадаўства, прыкрыўшы іх пустымі скрынямі, у транспартным сродку “Мэрсэдэс”, — гаворыцца ў паведамленні.

У дачыненні да беларускіх перавозчыкаў распачатыя адміністрацыйныя працэсы.

3 сакавіка Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) паведаміла пра затрыманне грузавіка, які перавозіў 20 т груш гатунку “Канферэнцыя”, на дарозе Бранск — Гомель.

Супрацоўнікі расійскага ведамства выявілі, што на прадукцыю галандскага паходжання няма фітасанітарных дакументаў. У кіроўцы былі толькі дакументы на “беларускія глазіраваныя сушкі “Барская забава”.

Падзяліцца: