Мінск 15:30

Мытня Беларусі дапамагла РФ спыніць канал пастаўкі кадэінаўтрымальных таблетак у акупаваны Крым

Ілюстрацыйнае фота: James Yarema / unsplash.com

8 красавіка, Позірк. Супрацоўнікі ФСБ РФ разам з беларускай і расійскай мытнымі службамі ліквідавалі “міжнародны канал пастаўкі наркатычных сродкаў” у акупаваны Расіяй украінскі Крым, вынікае з паведамлення “Севастопальскага тэлебачання”.

“Арганізатарам злачыннай схемы” названы 57-гадовы жыхар Сімферопаля, які валодае сеткай аптэк на паўвостраве.

“Паводле версіі следства, мужчына наладзіў пастаўку таблетак, якія ўтрымліваюць кадэін, з Украіны праз тэрыторыю Польшчы і Беларусі, — гаворыцца ў паведамленні. — Для ўтойвання ад мытнага кантролю наркатычныя сродкі маскавалі пад палімерныя ёмістасці з-пад спартыўнага харчавання, а да перамяшчэння грузаў прыцягвалі кур’ераў, якія не падазравалі пра незаконны характар перавозак”.

Вынята 3.657 таблетак (агульная маса — 2 кг 372 г), якія штрымліваюць агулам 44 г кадэіну.

У дачыненні да мужчыны распачатая крымінальная справа. За “кантрабанду наркатычных сродкаў у буйным памеры” яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

“Расследаванне працягваецца. Праваахоўнікі вызначаюць усіх, хто мае дачыненне да злачыннай схемы, і абставіны пастаўкі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Кадэін — алкалоід опію. У Расіі, як і ў Беларусі, унесены ў пералік наркатычных сродкаў, абарот кантралюецца. Прэпараты з яго ўтрыманнем прадаюцца выключна на падставе рэцэпта ўрача.

30 лістапада 2021 года ў інтэрв’ю агенцтву “Расія сёння” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Крым дэ-факта — “гэта расійскі Крым”, а пасля рэферэндуму 2014 года “і дэ-юрэ Крым стаў расійскім”. Паводле яго сцвярджэння, украінскія вайскоўцы без бою аддалі Крым, баючыся, што паўвостраў пяройдзе пад кантроль НАТО.

Улады ў Мінску падтрымалі ўварванне РФ ва Украіну 24 лютага 2022 года і з тае пары не хаваюць супрацы з акупацыйнымі ўладамі захопленых тэрыторый.

Крым і Севастопаль былі ўключаныя ў склад Расіі ў сакавіку 2014 года пасля правядзення на гэтых тэрыторыях “рэферэндумаў” у прысутнасці расійскіх вайскоўцаў. Вынікі гэтых мерапрыемстваў сусветная супольнасць не прызнала ці ўспрыняла неадназначна.

У дакументах ААН і ўкраінскім заканадаўстве падкантрольныя Расіі Крым і Севастопаль разглядаюцца як часова акупаваная частка Украіны. Са 193 краін — членаў арганізацыі рэзалюцыю Генасамблеі ААН пра тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ад 27 сакавіка 2014 года падтрымалі 100, устрымаліся — 58, выступілі супраць — 11, у тым ліку Беларусь.

Падзяліцца: