Мінск 10:20

Аэрапорт у Вільнюсе восьмы раз з пачатку года прыпыняў працу праз метэазонды з Беларусі

Фота: “Позірк”

10 красавіка, Позірк. Праз “гібрыдную атаку Беларусі” зноў прыпынялася праца аэрапорта ў Вільнюсе, пра гэта паведамляецца на яго старонцы ў “Фэйсбуку”.

Абмежаванні паветранай прасторы дзейнічалі з 22:30 9 красавіка да 5:15 10 красавіка.

Адзначаецца, што над аэрапортам фіксаваліся “навігацыйныя адзнакі, характэрныя для паветраных шароў”.

Папярэдні раз вільнюскі аэрапорт не працаваў праз метэазонды ў ноч на 31 сакавіка.

Гэта ўжо восьмы выпадак у гэтым годзе, калі праца аэрапорта парушаецца з-за паветраных шароў.

Уварванне шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі ў Літву ўвосень і ў пачатку снежня 2025 года стала прычынай неаднаразовага закрыцця вільнюскага аэрапорта, размешчанага недалёка ад мяжы.

9 снежня мінулага года ўрад Літвы абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне было прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, стваранага тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.

У спробе прымусіць Мінск паўплываць на сітуацыю Літва з 29 кастрычніка па 19 лістапада закрывала мяжу з Беларуссю. Памежныя пераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі зачыненыя, рэжым Аляксандра Лукашэнкі паспеў зрабіць больш жорсткімі правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, з-за чаго ў краіне затрымалася больш за 1 тыс. фур. Працэс іх вывазу пачаўся толькі 23 сакавіка гэтага года.

Спыненне ўварвання аэрастатаў з кантрабандай названае ўладамі Літвы адной з умоў пачатку дыялогу з Мінскам на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных стпраў. Такога дыялогу патрабуе ад Вільнюса рэжым Лукашэнкі.

27 сакавіка стала вядома, што спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл заявіў у інтэрв’ю LRT аб неабходнасці дыялогу паміж Вільнюсам і Мінскам.

Раней паведамлялася, што Коўл падчас сустрэчы з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам 18 сакавіка падняў пытанне аб магчымасці аднаўлення палітычнага дыялогу паміж уладамі дзвюх краін.

Падзяліцца: